Еўрасаюз рыхтуецца прадоўжыць санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў

Еўрасаюз плануе зноў прадоўжыць на год санкцыі ў дачыненні да 41 беларускага чыноўніка, уключаючы прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку.

Як паведамляе бельгійская газета EU Observer, еўрапейскія дыпламаты 21 кастрычніка ў Бруселі ўзгаднілі пытанне аб прадаўжэнні санкцый і тэкст адпаведнай заявы, якая будзе прынята міністрамі замежных спраў краін ЕС 25 кастрычніка. Адначасова з прадаўжэннем санкцый, якія забараняюць беларускім чыноўнікам уезд на тэрыторыю аб'яднанай Еўропы, Еўрасаюз прадоўжыць і мараторый на іх прымяненне ў дачыненні да 36 чалавек. Пад дзеянне мараторыя не трапляюць пяць чалавек — былы камандзір мінскага спецназу Юрый Падабед, два былых міністры ўнутраных спраў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былы генеральны пракурор Віктар Шэйман і кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына. Паводле звестак EU Observer, у заяве, якая будзе прынята 25 кастрычніка, гаворыцца, што Савет ЕС "вельмі шкадуе з прычыны адсутнасці прагрэсу" ў Беларусі ў такіх сферах, як вяршэнства закону, правы чалавека, свабода слова, сходаў і асацыяцый. У той жа час у дакуменце адзначаецца: "Савет зноў нагадвае аб крытычнай важнасці палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі і неабходнасці захаваць палітычны дыялог з Беларуссю на высокім узроўні як спосабе знайсці паразуменне і стварыць магчымасць для вырашэння тых праблем, якія выклікаюць занепакоенасць". Як адзначае EU Observer, сённяшняе абмеркаванне дакумента паказала, што ўдзельнікі пасяджэнне па-рознаму разумеюць фармулёўку "крытычная важнасць", якую ўтрымлівае заява. "Некаторыя еўрапейскія дыпламаты інтэрпрэтавалі гэта ў тым сэнсе, што ЕС негатыўна ацэньвае сітуацыю ў Беларусі. Паводле меркавання іншых, гэтая фраза азначае, што адносіны ЕС — Беларусь знаходзяцца ў крытычным пункце з-за выбараў", — адзначае выданне. У дакуменце таксама ўтрымліваецца заклік да беларускіх улад правесці прэзідэнцкія выбары ў адпаведнасці з нормамі і стандартамі міжнароднага права. Выданне адзначае, што Еўракамісія распрацавала спецыяльны план для Беларусі па рэформах, якія могуць быць праведзены на працягу трох-пяці гадоў. Але гэты план будзе запушчаны пасля выбараў, калі яны пройдуць без грубых парушэнняў, адзначае EU Observer.

Таццяна Каравянкова, "БелаПАН"