У Мінск з рабочым візітам прыбывае прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ

Сёння адбудзецца аднадзённы рабочы візіт у Беларусь прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайтэ.

На 12.00 запланаваная сустрэча Грыбаўскайтэ з Аляксандрам Лукашэнкам. Перамовы прэзідэнтаў пройдуць у вузкім і пашыраным складах. Асноўнай іх тэмай будзе развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Прэзідэнты таксама абмяняюцца думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі. Па выніках перамоў чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў, у тым ліку пагаднення аб спрошчаным парадку перасячэння беларуска-літоўскай мяжы жыхарамі прыгранічных тэрыторый. Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла, што падчас візіту ў Мінск літоўская дэлегацыя мае намер заклікаць беларускі бок заняць больш адкрытую пазіцыю ў адносінах да Еўропы і праводзіць адпаведныя рэформы. "Літоўскі бок зверне ўвагу на той факт, што далейшае збліжэнне Беларусі з Еўропай будзе залежаць і ад намаганняў Беларусі ў правядзенні прэзідэнцкіх выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі", — зазначаецца ў паведамленні МЗС. Бакі таксама плануюць абмеркаваць ініцыятыву ЕС "Усходняе партнёрства" і пытанні энергетыкі. Прадугледжваецца, што міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, які ўваходзіць у склад дэлегацыі, сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. 15 кастрычніка ў інтэрв'ю штотыднёвіку "Литовский курьер" Аляксандр Лукашэнка заявіў: узаемадзеянне з Беларуссю ў эканамічнай сферы "можа прынесці велізарныя дывідэнды для эканомікі Літвы". "Яшчэ што вельмі важна: мы ж з любоўю да вас ставімся. Я многіх літоўцаў ведаю. Для мяне што беларусы, што рускія, што літоўцы — адно і тое ж. Наш народ настолькі талерантны і інтэрнацыянальны, што літоўцам і жадаць іншага не трэба. Мы гатовы да ўліку любых інтарэсаў", — падкрэсліў беларускі кіраўнік. Як мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч, візіт Далі Грыбаўскайтэ ў Мінск падчас перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі даволі нечаканы.

"Грыбаўскайтэ ахвяруе сваім палітычным рэнамэ дзеля атрымання эканамічных дывідэндаў для Літвы", — мяркуе ён.

"Візіт дастаткова нечаканы, у першую чаргу таму, што ў Беларусі ідзе выбарчая кампанія, — сказаў ён. — Лукашэнка выкарыстоўвае ўсе ўнутраныя і знешнія магчымасці для таго, каб прапіярыць сябе, прадэманстраваць поспехі як ва ўнутранай палітыцы, так і ў знешняй. Элементамі піяра быў яго візіт у Кітай і прыезд у Беларусь прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. А вось навошта прэзідэнту Літвы ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі Лукашэнкі, навошта дапамагаць яму пераабірацца, мне зусім незразумела". Каментуючы заяўлены намер літоўскай дэлегацыі заклікаць Мінск правесці выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, Карбалевіч падкрэсліў: "Гэта звычайны рытуал усіх палітыкаў ЕС і ЗША, але для гэтага не трэба прыязджаць у Беларусь. Гэтыя рэчы можна сказаць і на адлегласці. Так што, я думаю, гэта чыста дыпламатычнае прыкрыццё". Галоўнай прычынай прыезду Грыбаўскайтэ палітолаг бачыць жаданне літоўскага боку забяспечыць транзіт венесуэльскай нафты для Беларусі па сваёй тэрыторыі.

"Літва зацікаўленая, каб гэтая нафта ішла праз Клайпеду. Ідзе канкурэнцыя паміж суседзямі за тое, цераз чыю тэрыторыю будзе пастаўляцца гэтая нафта. Тым больш што яе аб'ёмы могуць стаць зусім іншымі", — падкрэсліў Карбалевіч.

Ён таксама лічыць, што візіт Грыбаўскайтэ можа выклікаць незадаволенасць Крамля.

"На фоне беларуска-расійскай інфармацыйнай вайны кіраўнік адной з дзяржаў ЕС прыязджае ў Беларусь і працягвае Беларусі руку. Гэта можна расцэньваць як той факт, што Еўрасаюз спыніў сваё маўчанне наконт гэтай вайны і ўмешваецца ў яе. Прычым на баку Беларусі", — зазначыў эксперт.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение