Калі ж пачнецца экранізацыя Караткевіча?

«Каласы пад сярпом тваім» здымуць па-беларуску. Але хто і калі? Аб планах «Беларусьфільма» зняць кіно паводле рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» стала вядома ў лютым.

Мінула больш за паўгода, а на кінастудыі здолелі толькі напісаць сцэнар для стужкі.

Яго аўтар Аляксандр Качан паведаміў, што «пераважная большасць размоў у фільме мусіць быць па-беларуску. Але ўжываецца таксама расійская, польская і французская».

Вызначыліся былі і з рэжысёрам. Запрасілі Мікалая Пінігіна. Але ў маі галоўны рэжысёр Купалаўскага тэатра адмовіўся ад працы. Замены яму не знайшлі. На «Беларусьфільме» пакуль не гатовыя гаварыць і аб іншых кандыдатурах на гэтую працу. Качан мяркуе, што

«наконт Пінігіна пытанне яшчэ не закрытае. Магчыма, ён зможа заняцца гэтым праектам трохі пазней».

Мо з гэтай прычыны на кінастудыі і марудзяць.

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ўжо два гады ідзе спектакль паводле «Каласоў пад сярпом тваім». Яго паставіў Валерый Анісенка. Калі ён даведаўся, што будзе здымацца фільм, падаў заяўку на кінастудыю як сцэнарыст і рэжысёр. Але яе адхілілі. А пакуль няма рэжысёра, то і пра акцёраў гаварыць заўчасна. Таму загадкай застаецца, хто ж сыграе пана Юрыя, Алеся Загорскага, Майку.

Сяргей Макарэвіч, "Наша Ніва"