Тэледэбаты будуць у запісе

ЦВК прыняў палажэньне аб правядзеньні дэбатаў паміж кандыдатамі на прэзыдэнта. Тэледэбаты адбудуцца на Першым нацыянальным канале з 19-й да 21-й гадзіны.Радыёдэбаты — з 6-й да 7-й раніцы.Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева, папрасіў унесьці ў палажэньне пункт, каб дэбаты адбываліся ў наўпроставым эфіры.Гэта, паводле Дзьмітрыева, дазволіць пазьбегнуць скаргаў, што супрацоўнікі каналаў нешта сказілі альбо выразалі.Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адказала, што прапанова Дзьмітрыева — "гэта сымпатычная ідэя".Аднак Ярмошына спаслалася на тлумачэньне кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыёкампаніі, што кампанія пакуль не гатовая праводзіць дэбаты ў наўпроставым эфіры.У дэбатах змогуць удзельнічаць ня толькі кандыдаты на прэзыдэнта, але і іх давераныя асобы."Кандыдаты на прэзыдэнта будуць мець права бясплатна публікаваць свае праграмы ў чатырох рэспубліканскіх газэтах, шасьці абласных і адной гарадзкой газэце", — паведаміла сябра ЦВК Надзея Кісялёва.Тэкст праграмы павінен займаць ня менш як пяць машынапісных старонак. Ён павінен быць перададзены ў рэдакцыі газэт да 28 лістапада на паперы або ў электронным выглядзе.

"Радыё Свабода"