Чацвёрты Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 6—7 снежня

Чацвёрты Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 6—7 снежня 2010 года. Адпаведны ўказ № 531 падпісаў 13 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Сход склікаецца ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця. На абмеркаванне чацвёртага Усебеларускага народнага сходу выносяцца пытанні аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2006—2010 гады і аб асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011—2015 гады. Указам вызначана колькасць удзельнікаў сходу ў 2,5 тыс. чалавек, найважнейшыя арганізацыйныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы і правядзенні сходу. Нагадаем, згодна з распараджэннем кіраўніка дзяржавы аргкамітэт чацвёртага Усебеларускага народнага сходу ўзначальваюць прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Распрацоўкай праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011—2015 гады займаецца міжведамасная рабочая група. Яе сустаршынямі прызначаны намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Леанід Анфімаў і віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў. Першы Усебеларускі народны сход прайшоў 19—20 кастрычніка 1996 года, за месяц да канстытуцыйнага рэферэндуму, які пашырыў паўнамоцтвы Лукашэнкі. Другі — 18 мая 2001 года, за чатыры месяцы да прэзідэнцкіх выбараў, трэці — 2—3 сакавіка 2006 года, за два тыдні да выбараў кіраўніка дзяржавы. Цяперашнія выбары прэзідэнта прызначаны на 19 снежня.

Аляксей Арэшка, "БелаПАН"