30 гадоў таму загінуў Машэраў

4 кастрычніка 1980 года ў аўтамабільнай катастрофе на дарозе Мінск—Масква загінуў Пятро Машэраў, прызначаны Масквой кіраўнік Беларусі, пасада якога гучала як «першы сакратар Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі».

Машэраў быў папулярны ў Беларусі, бо быў супрацьлегласцю адарванаму ад людзей, схільнаму да п'янства тагачаснаму маскоўскаму кіраўніцтву Кампартыі. Нягледзячы на крайнюю палітычную асцярожнасць, Машэраў ажыццявіў шэраг крокаў па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Беларуская літаратура карысталася вялізнай дзяржаўнай падтрымкай, у сталіцы паўсталі помнікі нацыянальным класікам, тэлебачанне і радыё працавалі на беларускай мове. Пры гэтым эканамічная палітыка Машэрава была цалкам у рэчышчы патрабаванняў Масквы: Беларусь была цалкам убудавана ў савецкія гаспадарчыя ланцужкі.

Нарадзіўся Машэраў (сапраўднае прозвішча — Машэра) у Сенненскім раёне на Віцебшчыне. Партызаніў на поўначы Беларусі, на Расоншчыне. Даслужыўся да камандзіра брыгады, пасля ўзначальваў Вілейскі абкам камсамола. Пасля вайны кіраваў камсамольскімі й партыйнымі структурамі.

Загінуў Машэраў, калі ягоная «Чайка» каля паварота на Смалявіцкую птушкафабрыку ўрэзалася ў грузавік.

Пасля аўтакатастрофы па Беларусі пранесліся чуткі пра тое, што яна была падстроеная з Масквы, аднак таго так і не ўдалося даказаць.

Мікола Бугай, "Наша Ніва"