ЦВК разглядае заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта

Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 27 верасня разглядае заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Прыём заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп праводзіўся з 15 па 24 верасня. У ЦВК паступіла 19 заяў.

Першымі былі разгледжаны заявы санітаркі водалячэбніцы санаторыя "Чонкі" з Гомельскага раёна Наталлі Старыкавай і беспрацоўнага Ільі Дабратвора з Мінска. Абодвум у рэгістрацыі адмоўлена: у Старыкавай у ініцыятыўнай групе ўсяго 30 чалавек замест неабходных паводле закону 100, у Дабратвора — адзін; акрамя таго, яму няма 35 гадоў (1981 года нараджэння).

Зарэгістравана ініцыятыўная група лідара грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзіміра Някляева. За рэгістрацыю прагаласавалі восем членаў ЦВК, супраць — тры. ЦВК таксама зарэгістравала ініцыятыўныя групы намесніка старшыні Аб`яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука і першага намесніка старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Юрыя Глушакова. Прынята рашэнне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы старшыні аргкамітэта па стварэнні саюза "За мадэрнізацыю" Алеся Міхалевіча. Зарэгістравана ініцыятыўная група дырэктара ТДА "Трывіум" Дзмітрыя Уса.

Сяргей Каралевіч, "БелаПАН"