Оперу «Ісус Хрыстос-звышзорка» па-беларуску плануюць паставіць у Рускім тэатры

Сусветнавядомая рок-опера «Ісус Хрыстос — звышзорка» Эндру Лойда Вэбера можа быць пастаўленая на сцэне Рускага тэатра на беларускай мове. Пра гэта паведаміў галоўны рэжысёр тэатру Сяргей Кавальчык.

Цяпер драматычны тэатр імя Горкага пры дапамозе пасла РБ у Брытаніі Аляксандра Міхневіча вядзе перамовы з кампаніяй The Really Useful Group, якая валодае аўтарскімі правамі на оперу.

— Мы настойваем, каб мюзікл быў на нацыянальнай мове — у гэтым увесь сэнс нашай ідэі, — кажа Сяргей Кавальчык. — Уладальнікі правоў са свайго боку таксама зацікавіліся, што опера будзе перакладзеная яшчэ на адну мову свету.

Імя верагоднага перакладчыка оперы кіраўніцтва тэатру пакуль што не раскрывае.

«Ісус Хрыстос — звышзорка» — мюзыкл у рокавых стылі аўтарства Тыма Райса і Эндру Лойда Вэбера. Упершыню мюзыкл быў пастаўлены на Брадвеі ў 1971 г. Опера напісаная паводле Святых Дабравесцяў, аднак адсылае да пякучых праблемаў сучаснасці. Шмат якія арыі з оперы зрабіліся папулярнымі песнямі: «Я не ведаю, як кахаць яго», «Гаротны Ерусалім» ды інш.

"Наша Ніва"