Цэнтрвыбаркам пачынае прыём заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп

Цэнтрвыбаркам 15 верасня пачынае прыём заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, паведаміў БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

"Сёння ў СМІ апублікавана пастанова Палаты прадстаўнікоў аб прызначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў. З гэтага моманту яна набыла моц, а таму прэтэндэнты на пост кіраўніка дзяржавы могуць падаваць заяўкі на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп", — сказаў Лазавік. Сакратар Цэнтравыбаркама паведаміў, што заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп будуць прымацца да 24 верасня ўключна. У адпаведнасці з заканадаўствам, вылучэнне кандыдата на пасаду прэзідэнта ажыццяўляецца ініцыятыўнай групай выбаршчыкаў колькасцю не менш як сто чалавек. Спіс членаў ініцыятыўнай групы з указаннем яе кіраўніка разам з заявай аб рэгістрацыі групы падаецца ў Цэнтральную камісію не пазней як за 85 дзён да выбараў. Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 19 снежня 2010 года. Адпаведная пастанова прынята 14 верасня Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на пасяджэнні пазачарговай, пятай, сесіі. Пра намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі практычна адразу пасля абвяшчэння даты галасавання заявілі старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў, лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Юрый Глушакоў, намеснік старшыні Аб`яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, эканаміст Віктар Цярэшчанка. Пакуль не вызначыўся з фарматам удзелу ў выбарах лідар руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. Сёння ў Мінску пройдзе першае пасяджэнне Цэнтравыбаркама, на якім будуць прыняты ўсе асноўныя дакументы — бюджэт выбарчай кампаніі, каляндарны план, парадак падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Як паведаміла напярэдадні журналістам кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, 30 верасня пачнецца збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў.

Сяргей Каралевіч, "БелаПАН"