Выбары на дзень Святога Мікалая

Прэзідэнцкія выбары адбудуцца 19 снежня 2010 года. Адпаведную пастанову прыняла 14 верасня палата прадстаўнікоў нацыянальнага сходу на сваёй нечарговай сесіі.

За прагаласавалі аднагалосна ўсе 108 прысутных дэпутатаў.

Пытанне аб разглядзе даты выбараў было ўнесенае ў парадак дня сённяшняга пасяджэння сесіі ніжняй палаты парламента саветам рэспублікі за некалькі хвілін да пачатку пленарнага пасяджэння.

Прызначэнне выбараў на 19 снежня падкрэслівае фармальнасць гэтай працэдуры пры цяперашняй палітычнай сістэме. На свабодных выбарах ніколі няможна выключаць другі тур. Але ў выпадку правядзення першага 19 снежня ён прыпадае на немагчымую дату — 2 студзеня. Пра другі тур, выходзіць, ніхто ўсур'ёз не думае. У аўтарытарнай сістэме пераможца забірае ўсё.

Цікавае супадзенне — 19 снежня святкуюць дзень Святога Міколы зімовага.

У гэтым можна пабачыць пэўны сімвалізм — любімага сына Лукашэнкі завуць Колем.

Сярод іншых святочных датаў варта адзначыць Дзень супрацоўніка дзяржаўнай бяспекі, які сёлета будзе адзначацца акурат пасля выбараў – 20 снежня. У мінулы раз у паслявыбарныя дні супрацоўнікі спецслужбаў былі масава задзейнічаныя ў здушэнні акцый пратэстаў на Плошчы.

Мінулыя выбары таксама адбыліся ў 19-ы дзень месяца, адно што ў сакавіку. А прызначаныя былі за тры месяцы да даты правядзення — 16 снежня 2005 года. Сёлета сцэнар паўтарыўся да драбніцаў.

"Наша Ніва"