Святлане Калінкінай пагражаюць расправай

Намесніца галоўнага рэдактара газеты "Народная Воля" атрымала ананімную паштоўку з пагрозамі.

Як распавяла Святлана Калінкіна ў інтэрв'ю Еўрарадыё, паштоўку з пагрозамі ёй кінулі ў паштовую скрынку ў нядзелю. Невядомыя аўтары скарысталіся для гэтага паштоўкай кампаніі "Гавары праўду!" Калінкіна: "Адчыніла - там ляжыць паштоўку ад кампаніі "Гавары праўду!", на якой - пагрозы. У тым сэнсе, што калі яшчэ адзін такі матэрыял з'явіцца, то мне, мякка кажучы, капец. І што яны аб'явілі вайну... Хто яны і пра які матэрыял ідзе размова, там не сказана. Але відавочна, што паштоўка была ўкінутая пасля майго матэрыялу "Пятля", які з'явіўся ў суботу позна ўвечары". У артыкуле "Пятля", апублікаваным на сайце "Беларускі партызан", Калінкіна аналізавала, хто мог стаяць за смерцю журналіста "Хартыі'97" Алега Бябеніна. На яе думку, гэта былі беларускія ўладныя структуры. Калінкіна не вырашыла, ці будзе падаваць у пракуратуру заяву наконт ананімных пагрозаў, бо не бачыць у гэтым вялікага сэнсу: Калінкіна: "Хачу параіцца з Уладзімірам Някляевым. Шчыра кажучы, я баюся, што мая заява абернецца кампаніяй супраць "Гавары праўду!", бо гэта на іх паштоўцы былі пагрозы... Але вялікага сэнсу ў падачы заявы я не бачу, бо ніколі нікога яны не знаходзілі".

"Еўрарадыё"

Фота:  nn.by