30 жніўня адзначаецца Міжнародны дзень зьніклых бязь вестак

У сьнежні 2006 году Генэральная Асамблея прыняла Канвэнцыю аб абароне ад гвалтоўнага выкраданьня. Беларусь Канвэнцыю дагэтуль не падпісала.
У сьнежні 2006 году Генэральная Асамблея прыняла Канвэнцыю аб абароне ад гвалтоўнага выкраданьня. Беларусь Канвэнцыю дагэтуль не падпісала.
Адзначаецца ён зь ініцыятывы Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа, які зьвярнуўся да ўсясьветнай супольнасьці з заклікам надаць больш сур’ёзную ўвагу адной з найбольш складаных гуманітарных праблем, якія ўзьнікаюць падчас узброеных канфліктаў.Традыцыю адзначэньня Дня зьніклых бязь вестак 30 жніўня запачаткавала ў пачатку 80-х гадоў лацінаамэрыканская Фэдэрацыя сваякоў зьніклых людзей FEDEFAM. Гэтая арганізацыя ў якасьці першай, а ўсьлед за ёю такія праваабарончыя арганізацыі, як Amnesty International, Human Rights Watch і Мэмарыял, пачалі ўздымаць на міжнароднай арэне пытаньне зьніклых людзей.Колькі чалавек ва ўсім сьвеце лічацца бязь вестак зьніклымі – дакладна не вядома . Паводле FEDEFAM, практыка затрымліваньня і затым зьнішчэньня людзей стала выкарыстоўвацца ўладамі Гаіці і Гватэмалы яшчэ ў 60-я гады. Зьнікненьні палітычных апанэнтаў сталі ў Лацінскай Амэрыцы, у прыватнасьці, у Чылі ў гады кіраваньня генеэрала Піначэта ледзь ня нормай. Паводле арганізацыі, з 60-х гадоў агулам у Лацінскай Амэрыцы зьніклі бяз вестак 90 тысяч чалавек, а на сёньняшні дзень у гэтым сэнсе найгоршая сытуацыя ў Калюмбіі.Праваабарончыя арганізацыі засяроджваюцца не на зьнікненьнях у выніку трагічных здарэньняў, і не на краінах, дзе адбываецца пэрманэнтная грамадзянская вайна. Рабочая група ААН, якая займаецца зьнікненьнямі людзей, на сёньняшні дзень зафіксавала амаль 46 тысяч людзей, зьніклых у мірных умовах, зь віны, як правіла, недэмакратычных рэжымаў. Паводле Міжнароднай Амністыі, у 30 краінах сьвету праваахоўныя органы выкарыстоўваюць практыку выкраданьня людзей.Дзякуючы намаганьням праваабарончых арганізацыяў, у 1992 годзе Генэральная Асамблея ААН прыняла адмысловую дэклярацыю ў справе гвалтоўных выкраданьняў. Гвалтоўнае выкраданьне было прызнанае злачынствам у Канстытуцыях шэрагу краінаў сьвету. У сьнежні 2006 году Генэральная Асамблея прыняла Канвэнцыю аб абароне ад гвалтоўнага выкраданьня. Упершыню ў гісторыі зьявіўся міжнародны дакумэнт, які абавязвае ўрады ўключаць выкраданьні людзей у разрад злачынстваў, прадугледжаных заканадаўствам, а таксама гарантаваць судовае расьсьледаваньне і пакараньне віноўных. Канвэнцыя ставіць па-за законам сакрэтнае ўтрыманьне пад вартай, патрабуе паведамляць сваякам і адвакатам аб месцазнаходжаньні затрыманых і прычынах іх затрыманьня.Беларусь Канвэнцыю не падпісала. Дакумент падпісалі 57 дзяржаў. 19 краін ужо ратыфікавалі Канвенцыю. Беларусь яе падпісала, але не ратыфікавала.У Беларусі няма войнаў і канфліктаў. Але чатыры чалавекі – палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі, – зьніклі пры загадкавых абставінах. Крымінальныя справы па іх зьнікненьні ня раз прыпынялі, потым аднаўлялі зноў. Патрабаваньні раскрыць праўду пра выкраданьне гэтых людзей утрымліваюцца ў рэзалюцыях Камісіі ААН правоў чалавека, Парлямэнцкіх Асамблей Рады Эўропы і АБСЭ. Дзейсным і былым чыноўнікам сілавых структур Уладзімеру Навумаву, Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову, Дзьмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу з прычыны падазрэньня ў дачыненьні да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага.Сёлета ў жніўні Прадстаўнікі беларускай апазыцыі зьвярнуліся ў Раду Бясьпекі ААН з просьбай разгледзець на ўзроўні Рады пытаньне палітычных зьнікненьняў у Беларусі і правесьці міжнароднае расьсьледаваньне. У звароце гаворыцца, што праваабаронцы і сваякі зьніклых апанэнтаў дзейных уладаў скарысталі ўсе ўнутраныя, рэгіянальныя і міжнародныя мэханізмы прававой абароны, але безвынікова.Аўтары звароту адзначаюць, што справы зьніклых Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага дагэтуль застаюцца не расьсьледаваныя беларускімі ўладамі. А свой зварот апазыцыянэры і праваабаронцы накіравалі ў Раду Бясьпекі ААН, зважаючы на рэзалюцыю аб стварэньні Міжнароднай камісіі ААН па расьсьледаваньні забойства былога прэм’ер-міністра Лібану Рафіка Харыры ў 2005 годзе і іншых палітычна матываваных забойстваў у Лібане. Зварот ужо накіраваны міністрам замежных спраў сталых сяброў Рады Бясьпекі ААН — Кітаю, Расеі, Вялікай Брытаніі, Францыі і ЗША.