Мікалай Аўтуховіч: "Відаць, сядзець мне тут 5 гадоў..."

Мікалай Аўтуховіч даслаў сябрам першы ліст з івацэвіцкай калёніі. Выйшаў на волю былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога судзілі разам з Аўтуховічам. Актывіст "Гавары праўду" Міхась Башура да суду будзе знаходзіцца ў Жодзінскім ізалятары.

Праваабаронца Алег Воўчак падзяліўся зьвесткамі з першага ліста, дасланага Мікалаем Аўтуховічам з калёніі. Аўтуховіча пасьля карантыну зьмясьцілі ў 13-ы атрад, пачуваецца вязень нядрэнна. Раней Аўтуховіч не выключаў, што пачне галадоўку пратэсту, калі не будуць лячыць зубы, але днямі вязьню далі абяцаньне неўзабаве пачаць лячэньне і таму пра галадоўку пакуль гаворка не ідзе.

Алег Воўчак плянуе перадаць сябру ў калёнію блэндэр для апрацоўкі ежы, каб было лягчэй есьць. Той блэндэр, які быў у Аўтуховіча ў менскім ізалятары, яму не ўдалося захапіць з сабой ў калёнію, бо на этап яго адправілі ноччу, не даўшы сабраць рэчы. Дарэчы, Аўтуховіч паведаміў пра такую асаблівасьць этапаваньня з Менску ў Івацэвічы: болей за 5 сутак давялося прабыць у Баранавічскім ізалятары, дзе ўмовы ня лепшыя з-за перанаселенасьці. Чаму вязьняў гэтак доўга трымаюць на этапе, праваабаронцу незразумела. І вось яшчэ што, паводле Алега Воўчака, распавёў, Мікалай Аўтуховіч. "Ён, відаць, разгублены, што пра яго справу быццам як і сталі забываць. Дамагліся, што зьнялі абвінавачаньне ў тэрарызьме, а з астатнім зьмірыліся". Алег Воўчак працытаваў словы з ліста Аўтуховіча: "Відаць, давядзецца мне сядзець тут усе 5 гадоў...". Праваабаронца заклікае людзей, якім не абыякавы лёс Мікалая Аўтуховіча, ліставацца зь ім адрасе:"Івацэвічы-3, выпраўленчая ўстанова №5, атрад №13, Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу". Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў датэрмінова выйшаў на волю, скарыстаўшы амністыю. Зьвесткі "Свабодзе" пацьвердзіў адвакат Казлова Барыс Ляскоўскі. "Так, ён выйшаў з калёніі. Гэта было яшчэ 8-га жніўня, на наступны дзень ён мне патэлефанаваў. Яму па амністыі скарацілі тэрмін на год і дакладна як споўнілася год ягонага знаходжаньня пад вартай, яго выпусьцілі". Паводле адваката, Міхаіл Казлоў быў вельмі задаволены, сказаў, што пачуваецца добра, а пра далейшыя пляны нічога не сказаў. Нагадаю, былога супрацоўніка гарадзенскай міліцыі Міхаіла Казлова судзілі разам з Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімерам Асіпенкам, якія нібыта рыхтавалі замах на экс-старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімера Саўчанку ды іншых чыноўнікаў. Паводле сьледзтва, Казлоў нібыта даведаўся пра злачынныя дзеяньні сваіх знаёмых, але не паведаміў "куды трэба". Міхаіл Казлоў сваёй віны не прызнаў, але ў выніку суд палічыў яго вінаватым ў невыкананьні службовых абавязкаў і асудзіў на 2 гады зьняволеньня. Адбываў пакараньне Міхаіл Казлоў у віцебскай калёніі. З 18-га ў Жодзінскім сьледчым ізалятары знаходзіцца актывіст кампаніі "Гавары праўду" Міхась Башура. Паводле адваката Тамары Сідарэнкі справу актывіста "Гавары праўду" Міхася Башуру сьледзтва зьбіраецца завяршыць да 26 жніўня. Пра ўмовы ўтрыманьня Башуры ў Жодзінскім ізалятары адвакату і сваякам вязьня нічога невядома. "Спатканьні зь ім сваякам не дазваляюць, лістоў яшчэ не было, а мае сустрэчы пакуль адкладваюцца", -- паведаміла адвакат Сідарэнка. У Івацэвіцкай калёніі і ў Бабруйскай турме працягваюць утрымліваць Уладзімера Асіпенку і Андрэя Бандарэнку. Паводле сваякоў, вязьні паведамляюць дамоў, што зь імі "ўсё нармальна".

Алег Грузьдзіловіч, “Радыё Свабода”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение