На перайменаваньне вуліцы Савецкай у вуліцу імя Ларысы Геніюш няма грошай

Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама адмовіла грамадзянам у перайменаваньні вуліцы Савецкай у Зэльве ў вуліцу імя Ларысы Геніюш.

Актывісты падалі скаргу на рашэньне Зэльвенскага райвыканкама аб немэтазгоднасьці перайменаваньня вуліцы. Да скаргі былі прыкладзеныя 173 подпісы грамадзянаў.У адказе галоўнага ўпраўленьня юстыцыі гаворыцца, што "у апошні час у Гарадзенскай вобласьці перайменаваньне вуліцаў у гарадах і вёсках амаль не практыкуецца". Маўляў, гэта тлумачыцца ня толькі розным стаўленьнем грамадзянаў да мінулага, але й юрыдычнымі нязручнасьцямі пры перарэгістрацыі. Перайменаваньне патрабуе сродкаў, незаплянаваных у раённым бюджэце. Акрамя таго, зьяўляюцца цяжкасьці ў працы аддзяленьняў Белпошты.Гарадзенскі аблвыканкам раіць раённым тапанімічным камісіям надаваць імёны выбітных асобаў менавіта новым вуліцам у гарадах і вёсках. Маладафронтавец з Зэльвы Яўген Скрабутан мяркуе высьветліць, колькі ж грошай патрэбна для пакрыцьця выдаткаў на перайменаваньне вуліцы. І ў залежнасьці ад велічыні сумы, распачаць збор сродкаў.

"Радыё Свабода"