У 2011 годзе выйдуць дзве першыя кнігі 25-томніка Уладзіміра Караткевіча

У 2011 годзе выйдуць першыя два тамы збору твораў класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча з 25 тамоў. Пра гэта паведаміў БелаПАН навуковы кіраўнік выдання, аўтар уступнага артыкула да збору і адзін з яго складальнікаў, кандыдат філалагічных навук Анатоль Верабей.

Паводле яго слоў, паэзія Караткевіча будзе змешчана ў двух тамах, прычым да другога тома мяркуецца прыкласці кампакт-дыск “Вершы і песні Уладзіміра Караткевіча ў аўтарскім выкананні”. У трэці том увойдуць казкі і апавяданні, у чацвёрты і пяты — легенды і аповесці, у шосты — раман “Нельга забыць”, у сёмы і восьмы — раман “Каласы пад сярпом тваім”, у дзевяты — раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, у дзесяты — раман “Чорны замак Альшанскі”. Акрамя таго, запланавана выданне тому драматургіі, двух кніг публіцыстыкі, эсэістыкі і крытыкі, двух тамоў эпісталярнай спадчыны, кнігі перакладаў і аўтаперакладаў, тома малюнкаў пісьменніка, а таксама трох кніг сцэнарыяў і лібрэта. У 25-томнік таксама ўвойдуць дзённікі, запісныя кніжкі, дарчыя надпісы, дапаўненні папярэдніх тамоў збору, летапіс жыцця і творчасці Караткевіча. Тамы публіцыстыкі, эсэістыкі і крытыкі будуць дапоўнены кампакт-дыскам з аўдыёзапісамі выступленняў пісьменніка.

“Мы жадаем як мага паўней выдаць творчую спадчыну Караткевіча з пашыраным навуковым каментарыем”, — адзначыў літаратуразнаўца. Ён зробіць захады, каб гэтае выданне падтрымалі адпаведныя дзяржаўныя структуры.

Паводле слоў навукоўцы, выданне рыхтуецца на кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржуніверсітэта. Выхад апошняга тома запланаваны на 2020 год, калі будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

“Белапан”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение