Крэмль гатовы апублікаваць стэнаграму з выказваннямі Лукашэнкі адносна Паўднёвай Асеціі і Абхазіі

Крэмль гатовы апублікаваць стэнаграму пасяджэння АДКБ з выказваннямі прэзідэнта Беларусі адносна Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Пра гэта заявіў журналістам памочнік прэзідэнта Расіі Сяргей Прыходзька, каментуючы ўчарашнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаем, 13 жніўня падчас рабочай паездкі па Мінскай вобласці Лукашэнка заявіў: Расія "аказалася няздольная, ці не захацела кіраўніцтва Расіі ісці на нівеляванне, на ліквідацыю тых наступстваў, якія для Беларусі павінны былі ўзнікнуць" у выпадку прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Такім чынам Лукашэнка адказаў на выказванні Дзмітрыя Мядзведзева, зробленыя 3 жніўня ў Сочы. Расійскі прэзідэнт, у прыватнасці, заявіў, што яго беларускі калега абяцаў прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію, прычым зрабіў гэта ў прысутнасці кіраўнікоў шэрагу краін СНД. Каментуючы журналістам сітуацыю, Сяргей Прыходзька сказаў: "Не Аляксандру Рыгоравічу гаварыць тут пра непаслядоўнасць. Гэта катэгорыя прымяняльная якраз да яго".

"Што тычыцца пытання аб прызнанні Рэспублікай Беларусь Рэспублікі Паўднёвая Асеція і Рэспублікі Абхазія, то, калі будзе такое жаданне, мы можам надаць галоснасць той частцы стэнаграмы пасяджэння АДКБ, у якой утрымліваюцца словы прэзідэнта Беларусі на гэтую тэму", — цытуе Прыходзьку РІА  Новости.

"Мы можам апублікаваць і іншыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі, якія будуць даволі цікавымі як беларускай, так і міжнароднай грамадскасці", — дадаў памочнік прэзідэнта РФ.