КДБ ладзіць разгром у Камітэце дзяржкантролю

Камітэт дзяржбяспекі арыштаваў галоўнага следчага Камітэта дзяржкантролю Дзмітрыя Адамовіча. Амаль адначасова ад займанай пасады адхілены памочнік старшыні КДК Віктар Пісарык, інфармуе "Ежедневник".

Месяц таму Савет бяспекі зладзіў праверку Дзяржкантролю і выявіў схемы, па якіх ад крымінальнага пераследу сыходзілі бізнэсмэны. Цэнтральнай фігурай па шмат якіх эпізодах такіх схемаў праходзіў менавіта арыштаваны цяпер Адамовіч. Пасля таго як вынікі праверкі даведалася кіраўніцтва краіны, КДБ пачаў выяўляць карупцыянераў у Дзяржкантролі. Асноўны ўдар быў накіраваны супраць дарадцы старшыні КДК Віктара Пісарыка, намесніка дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Віктара Марозава і начальніка Упраўлення расследавання злачынстваў ДФР КДК Дзмітрыя Адамовіча. Як адзначае "Ежедневник", пра Пісарыка кажуць, што менавіта ён рэальна кіруе Камітэтам дзяржкантролю, хоць фармальна з'яўляецца ўсяго толькі дарадцам старшыні.

“Еўрарадыё”