ЛеГалу — 60

Сёння юбілей у паэта і крытыка Леаніда Галубовіча. Ён нарадзіўся ў вёсцы Вароніна ў Клецкім раёне. Скончыў ПТВ у Слуцку.

12 жніўня адзначае юбілей паэт і крытык Леанід Галубовіч.

Ён нарадзіўся ў вёсцы Вароніна ў Клецкім раёне. Скончыў ПТВ у Слуцку.

Працяглы час працаваў электрыкам. Але паэзія, якой пачаў аддаваць сябе яшчэ з юнацтва, узяла сваё. У 1984 годзе Галубовіч выдаў зборнік вершаў “Таемнасць агню”, за які яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. І толькі праз тры гады па выхадзе першай кнігі ён вырашыў атрымаць літаратурную адукацыю — накіраваўся ў Маскву на Вышэйшыя літаратурныя курсы.

Адпаведны дыплом прывёў Леаніда Галубовіча на Беларускае тэлебачанне. Затым працаваў у часопісе “Крыніца”.

Адна за адной выходзілі кнігі “Споведзь бяссоннай душы” (1989), “Бусел без гнязда” (1989), “Таемнасць споведзі” (1993), “Заложнік цемры” (1994).

У 2000 з’явіліся “апошнія вершы леаніда галубовіча”, пасля чаго з паэзіяй ён “завязаў”.

Апошнія гады Галубовіч працаваў у газеце “Літаратура і Мастацтва”, дзе выступаў у ролі крытыка і эсэіста. Яго рубрыка “Кулуары”, у якой ён “ЛеГалізаваў” кнігі айчынных пісьменнікаў, была самай чытанай. Аўтар на старонках ужо прыбранай да рук лукашыстаў газеты знаёміў чытача з кнігамі, не падзяляючы іх аўтараў на той ці іншы Саюз пісьменнікаў. Летась рубрыку закрылі, а “ЛеГалу” прыйшлося пераключыцца на пісьменнікаў з правінцыі.

Леанід Галубовіч апекаваўся спадчынай памерлых пісьменнікаў Міколы Купрэева, Васіля Сахарчука, Віктара Стрыжка. Дзякуючы ў тым ліку і яму, пасля смерці аўтараў іх кнігі выдаваліся.

Леанід Галубовіч

Паэзія

Ты — боль, паэзія. Ты — быль.

Твае суровыя законы

He для забаў, не для гульбы —

А пошук ісціны да скону.

Ты — рай, паэзія. Ты — рой

Адвечных дум, дзе мы згараем.

I толькі геніі парой

Жылі часова гэтым раем.

Ты — жаль, паэзія. Ты — жар.

Я па тваім хаджу вуголлі.

Чыя не прагнула душа

Твайго зняволення і волі?

Ты — сум, паэзія. Ты — суд

I мрояў нашых, і здзяйсненняў.

Хай душы шчырыя нясуць

Высокі лад тваіх памкненняў!

Ты — яд, паэзія. Ты — сад

З адзіным яблыкам спакусным.

Над ім — каторы год падрад! —

Мае збалела смягнуць вусны...

Ты — боль, паэзія. Ты — бой.

Ты — праўды непрыступнай вежа.

Я — праведнік і грэшнік твой,

Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..

"Наша Ніва"