У Беларусі павялічаны кошт на газ для суб'ектаў гаспадарання

У Беларусі з 11 жніўня 2010 года на 13,2% павялічаныя кошты на прыродны газ для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Адпаведнае рашэнне зацверджана пастановай Міністэрства эканомікі Беларусі.

Кошт газу для ўказаных спажыўцоў складзе Br716000 за 1 тыс. куб. метраў (без ПДВ) супраць Br632505.

- Неабходнасць перагляду коштаў узнікла ў сувязі з падаражэннем кошту набыцця прыроднага газу ў Расійскай Федэрацыі, а таксама змяненнем агульных эканамічных умоваў гаспадарання, - тлумачыць прэс-служба Мінэканомікі.

Акрамя таго, у мэтах стварэння больш спрыяльных умоў функцыянавання дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзіцячых вёсак (гарадкоў), цэны на газ для дадзенай групы спажыўцоў устаноўлены на ўзроўні цэнаў для насельніцтва, перадае АФН.

"Радыё Рацыя"