У Мінску хочуць аднавіць частку рэчышча ракі Нямігі

Рэалізаваць праект стварэння гісторыка-археалагічнага цэнтра на тэрыторыі былога Мінскага замчышча могуць ужо ў 2011 годзе, паведамляе агенцтва “Мінск-Навіны”. Ужо сёлета падрыхтуюць экспазіцыйны план будучага музея пад адкрытым небам. Непадалёк ад станцыі метро “Няміга” плануюць аднавіць частку збудаванняў, якія стаялі тут у XII стагоддзі. Іх фрагменты знайшлі ў часе археалагічных раскопак.Тут таксама могуць аднавіць частку рэчышча ракі Няміга, якое стане элементам добраўпарадкавання. Праўда, для гэтага трэба знесці Дом фізкультурніка і зрабіць захады для абароны будучых збудаванняў ад вібрацыі, якую стварае метрапалітэн.

euroradio.by