У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава Паўла Татарнікава

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) праходзіць выстава графікі Паўла Татарнікава «Брама мінулага».

Серыя «Брама мінулага» — 25 графічных твораў, што асэнсоўваюць факты беларускай гісторыі праз сучасныя пластычныя сродкі. Графіка, гравюра, нацюрморт, партрэт на адной карціне. Аўтар звярнуўся да вобразаў Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Яўхіма Храптовіча. Аднак на карцінах не толькі абліччы гэтых гістарычных постацяў: палотны аздоблены краявідамі, знакавымі для абранай гістарычнай асобы будынкамі і прадметамі-сімваламі.Татарнікаў — ілюстратар. Таму ўсе творы серыі, акрамя ўдзелу ў шматлікіх экспазіцыях мастацтва, былі выкарыстаны ў якасці элементаў кніжнага афармлення мастацкай літаратуры.«Мастак кнігі павінны быць у пастаянным дыялогу з чытачом, — кажа мастацтвазнаўца Міхал Баразна. — У адрозненні ад мастакоў іншых жанраў, ён павінны любіць чытача, не кідаць яго на волю лёса, апекавацца ім».Павел Татарнікаў — плоць ад плоці выхаванец беларускай школы мастацтва. Ён нарадзіўся ў Брэсце ў сям'і мастакоў у 1971 годзе. Вучыўся ў Акадэміі Мастацтваў на аддзяленні графікі. З 1997 сябра Беларускага саюзу мастакоў, з 2001 акадэмік Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. У яго працах адлюстраваны суплёты менавіта беларускай гісторыі, а сваімі настаўнікамі называе Васіля Шаранговіча і Ігара Славука. Афармляе кнігі па культуры і гісторыі, сярод якіх беларускі пераклад «Аповесці мінулых гадоў» і «Званы Нямігі». Сярод апошніх працаў аздабленне кнігі Краўцэвіча «Рыцары і дойліды Гародні», выдадзеныя ў «Гарадзенскай бібліятэцы».Разам з тым Татарнікаў — экспартны варыянт беларускага мастацтва. Ён афармляе ангельскі эпас пра рыцараў Круглага стала. (Кніга «Артур — кароль Альбіёну»). Гэтая кніжка выйшла ў Вялікай Брытаніі. Татарнікаў афармляе скандынаўскія казкі, казкі братоў Грым, творы Шэкспіра. Даводзіць на справе, што моўныя бар'еры лёгка пераадольваюць візуальныя вобразы. У 2009 на Браціслаўскім кніжным біенале Татарнікаў атрымаў прэстыжны прыз, другі па ліку «Залаты яблык».«Татарнікаў — гэта прыклад ідэі «любі сваё, трымайся свайго і здабудзеш сусветны поспех, — лічыць мастак і адраджэнскі дзеяч Рыгор Сітніца. — Вядома, я не кажу, што трэба зашыцца ў сваёй культуры, не: трэба абняць увесь свет, і, увабраўшы ад іншых культур, давесці сваю вартасць менавіта на сваім матэрыяле. Якраз гэтым і займаецца Павал».

nn.by