Арт-літ-пленэр "Прысвячэнне Язэпу Драздовічу"

1 жніўня ў Траецкім прадмесце ў Мінску каля помніка Вечнаму Вандроўніку адбылося адкрыццё арт-літ-пленэра "Прысвячэнне Язэпу Драздовічу".Куратар мерапрыемства Юрась Малаш расказаў удзельнікам пленэра пра асобу мастака, а перформэр Зміцер Юркевіч наладзіў адмысловы перформэнс. Юрась Малаш паведаміў Радыё Рацыя, што пленэр адбываецца ў межах арт-фестываля «Дах-11» і кампаніі «Будзьма», сённа мастакі і фатографы будуць працаваць у Мінску.- Сабраліся мастакі, фатографы. Узгадалі спадчыну Драздовіча, я тут невялічкую лекцыю правёў, расказаў пра яго здабыткі. Ля помніка Драздовіча ўсклалі кветкі. Зміцер Юркевіч наладзіў перформэнс - ахвяру прынёс Драздовічу.  Паразмаўлялі пра тое, што неабходна стварыць у Мінску музей Драздовічу, больш людзей трэба прыцягваць да такіх праектаў.Мерапрыемствы пленэра будуць працягвацца яшчэ два дні. 2 жніўня ўдзельнікі пленэра будуць маляваць і фатаграфаваць у Заслаўі, а 3 жніўня адбудзецца заключная выстава.Васіль Кроква, Радыё Рацыя.