Беларусі крэдыты больш не патрэбныя

У Беларусі пакуль няма неабходнасьці ў прыцягненьні новых крэдытаў Міжнароднага валютнага фонду. Пра гэта заявіў старшыня праўленьня Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч.

«Што тычыцца абмеркаваньня рэальнай праграмы й ці будзе гэтая праграма - гэта пытаньні, якія мы будзем вырашаць падчас будучых місій. Пакуль мы гэтае пытаньне не абмяркоўваем, і неабходнасьці сёньня ў прыняцьці рашэньня аб прыцягненьні рэсурсаў валютнага фонду для эканомікі няма», - сказаў Пракаповіч.

Пры гэтым ён дадаў, што «калі такая неабходнасць спатрэбіцца - мы ніколі гэты шлях не адразаем». «У нас вельмі добрыя адносіны зь Міжнародным валютным фондам, і мы заўсёды можам і будзем зьвяртацца да іх. - адзначыў П. Пракаповіч.

У 2009-2010 гг. Беларусь атрымала пяць траншаў крэдыту Міжнароднага валютнага фонду, у выніку чаго памер рэсурсаў, прадстаўленых Беларусі па праграме stand-by, склаў каля 3 млрд. 460 млн. дал. Заключны, пяты транш крэдыту МВФ у рамках праграмы stand-by у памеры каля 670 млн. даляраў Беларусь атрымала ў канцы сакавіку 2010 года.

polskieradio.pl