Аўгустоўскі канал пакуль не трапіць у спіс Сусветнай спадчыны

Заяўка на выключэнне Аўгустоўскага канала з прэтэндэнтаў у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА была прынята сумесна польскім і беларускім бакамі пасля кансультацый з адмыслоўцамі.Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі:- Гэта сумеснае рашэнне польскага і беларускага бакоў па адкліканні гэтай прапановы для яе дапрацоўкі. Эксперт, які быў у верасні мінулага года, зрабіў некаторыя заўвагі. І хоць заўвагі не вельмі істотныя, але ёсць такая практыка: лепш зняць прапанову і дапрацаваць, чым чакаць рашэння, якое можа быць павернута ў любы бок. Потым змяніць адмоўнае рашэнне камітэта Сусветнай спадчыны вельмі складана.Як паведаміў Ігар Чарняўскі, Міністэрства культуры Польшчы і Беларусі далі ўжо рэкамендацыі сваім прадстаўніцтвам у ЮНЕСКА, і гэтыя прадстаўніцтвы ў Парыжы прынялі рашэнне аб дапрацоўцы прапановы па ўключэнні Аўгустоўскага канала ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.Дакументацыя па Аўгустоўскім канале (помніку культуры 19 стагоддзя) для ўнясення ў спіс Сусветнай спадчыны была падрыхтавана 2,5 гады таму, і падпісаная міністрамі культуры Беларусі і Польшчы. Заява была падрыхтавана супольна, паколькі 80 км канала знаходзіцца на польскім баку, а 20 км – на беларускім.

Радыё Рацыя