20 гадоў таму Беларусь заявіла пра незалежнасьць

27 ліпеня 1990 году, Вярхоўны Савет Беларусі прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Дэклярацыя абвясьціла "поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасьць яе законаў, незалежнасьць рэспублікі ў зьнешніх стасунках".25 жніўня 1991 года Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце атрымала статус канстытуцыйнага закона, на падставе якога былі ўнесеныя зьмены ў Канстытуцыю.Да 1996 года 27 ліпеня было галоўным сьвятам краіны – Днём незалежнасьці Беларусі. Улады адмянілі сьвята пасьля рэфэрэндума 1996 года.У адмысловай заяве Партыі БНФ з нагоды сёньняшняй даты, зазначаецца, што гэтае рашэньне Вярхоўнага Савета "ўвайшло ў гісторыю нашай краіны як лёсавызначальная падзея, якая адкрыла беларускаму народу шлях да спаўненьня яго спрадвечнай мары – вольнага, годнага, самастойнага жыцьця ў сваёй незалежнай дзяржаве"."Зьяўленьне на мапе Эўропы незалежнай беларускай дзяржавы сымбалізавала перамогу праўды і гістарычнай справядлівасьці, перамогу тых, хто ва ўсе часы бараніў родную зямлю ад чужынскіх навалаў, хто аддаў жыцьцё за яе волю. У гэты сьвяточны дзень мы схіляем галовы перад іх сьветлай памяцьцю",-- адзначаецца ў заяве Партыі БНФ.

svaboda.org