Рыцарскі фэст у Мсціславе – 24—25 ліпеня

Свята сярэднявечнай культуры адбудзецца 24—25 ліпеня. Старажытны Мсціслаў будзе прымаць рыцараў і іх прыгожых дам трэці год запар. фэсце возьмуць удзел больш за два дзясяткі рыцарскіх клубаў. Фэст пачнецца раніцай у царкве Аляксандра Неўскага і Кармеліцкім касцёле малебнамі ў гонар воінаў-мсціслаўцаў, якія загінулі за Айчыну на полі бітвы. Потым — святочнае тэатралізаванае шэсце, якое ачоліць на кані сам кароль Ягайла! Адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная гісторыі Мсціслава. Побач будзе працаваць «Мсціслаўскі скляпок», дзе можна асвяжыцца — прадэгуставаць вінныя і безалкагольныя напоі. Для ўдзельнікаў і гасцей фэсту будзе гатаваць сярэднявечная кухня. У гарадскім парку запрацуе Горад майстроў. На свяце выступяць «Песняры», агнявы цырк. Будзе лазернае шоу і феерверк.Сярэднявечная дыскатэка познім суботнім вечарам запрашае моладзь, а білет на яе каштуе 1200 рублёў. На Замкавай гары будуць праходзіць рыцарскія турніры. Уваход на іх платны, праўда, білеты каштуюць зусім нядорага. Каб трапіць на турніры мечнікаў і лучнікаў, трэба заплаціць 1100 рублёў, а каб назіраць за рознымі бугуртамі — 1500 рублёў.Пра начлег і харчаванне гасцям «Рыцарскага фэсту» раяць паклапаціцца загадзя. Жыць можна нават у спальных карпусах старажытнага езуіцкага манастыра, на тэрыторыі якога будзе працаваць і міні-кафэ. Дадатковую інфармацыю атрымайце ў аддзеле культуры Мсціслаўскага райвыканкама (02240) 20-967.

nn.by