Чарнобыльскія землі будуць засяваць

На паседжаньні Савету Міністраў быў прыняты праект дзяржаўнай праграмы ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, разьлічаны на 2011—2015 гады і на пэрыяд да 2020 году. Ён прадугледжвае вяртаньне ў абарот забруджаных земляў і запатрабуе фінансавых сродкаў у аб'ёме 6,6 трыльёна рублёў. Актывісты чарнобыльскага руху сумняваюцца ў тым, што землі з забруджаных рэгіёнаў можна ўводзіць у севазварот.Прадстаўляючы праект дзяржпраграмы, міністар надзвычайных сытуацый Беларусі Энвэр Барыеў адзначыў, што ў цэлым яна дазволіць "вярнуць тэрыторыі і насельніцтва да нармальнага жыцьця зь мінімальным абмежаваньнем паводле радыяцыйнага фактару".Згодна з праграмай прадугледжваецца забясьпечыць далейшы рост вытворчасьці прадукцыі, выкарыстоўваць лясныя рэсурсы на забруджаных тэрыторыях. Таксама плянуецца актывізаваць вяртаньне ў гаспадарчае выкарыстаньне выведзеных з абароту земляў.Разам з тым бюджэтныя выдаткі на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС штогод зьмяншаюцца ў працэнтных адносінах. Калі на пачатку 90-х на гэта ішло да 20 працэнтаў ад усяго беларускага бюджэту, то ў апошнія гады гэтая сума складае 2—3 працэнты.Навошта дзяржава плянуе актывізаваць вяртаньне ў гаспадарчае выкарыстаньне выведзеных з абароту земляў? Няўжо ў Беларусі не хапае ворыўных земляў? На гэтае пытаньне адказвае журналіст, былы карэспандэнт газэты "Сельская жизнь" Анатоль Гуляеў.Гуляеў: "Што тычыцца зямлі, то зямлі ў Беларусі дастаткова, каб забясьпечыць сябе. Але атрымліваецца такая сытуацыя, што на тых тэрыторыях людзям няма дзе працаваць, няма на што жыць. Я мяркую, што ў гэтай праграме закладзенае найперш імкненьне да таго, каб вярнуць нармальнае жыцьцё на тых тэрыторыях".Пісьменьнік Васіль Якавенка, які ўзначальвае Беларускі сацыяльна-экалягічны саюз "Чарнобыль", лічыць, што дзяржаўную праграму трэба было прымаць пасьля правядзеньня ўсебаковых дасьледаваньняў, якія амаль згорнутыя апошнім часам.Якавенка: "Я думаю, гэта вельмі скарасьпелыя рашэньні, што прынятыя ў гэтай праграме. Калі б гэта ад мяне залежала, то я б не ўхваляў такую праграму. У нас няма аб'яднаных, шырокіх дасьледаваньняў па радыяцыі, дзе яна, колькі яе — бо яна ж расплылася паўсюль. А ў нас гэтыя дасьледаваньні згорнутыя".Спадар Якавенка зьвяртае ўвагу на тое, што нават малыя дозы радыяцыі вельмі нэгатыўна ўплываюць на здароўе чалавека.Якавенка: "Нездарма ўжо ў Расеі пачалі зьвяртаць увагу на тое, што ў нас у Беларусі на забруджаных землях вырошчваюць прадукцыю і радыяцыя трапляе ў малако і мяса. Землі тыя даўно, ужо гадоў 15, пачалі ўводзіць у севазварот, дзе таемна, дзе адкрыта. Праводзяць махінацыі з такімі землямі, плюсуюць іх да тых, што ёсьць у гаспадарцы, і за кошт гэтага падвышаюць лічбы ўраджайнасьці. Такая практыка даўно існуе ў чарнобыльскай зоне".

svaboda.org