10 гадоў, як зьнік Завадзкі. 10 хвілінаў маўчаньня

Сёньня журналісты сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў у сваіх рэдакцыях а 12 гадзіне запаляць сьвечкі ля партрэта Зьмітра Завадзкага і памаўчаць 10 хвілінаў — за кожны год зьнікненьня калегі і сябра.
Журналісты заклікаюць падтрымаць акцыю «Сорамна забыцца!» і выказаць сваю салідарнасьць зь сям’ёй Зьмітра Завадзкага.10 гадоў таму 7 ліпеня пры загадкавых абставінах зьнік апэратар Грамадзкага расейскага тэлебачаньня, грамадзянін Беларусі Зьміцер Завадзкі.У той дзень Зьміцер на сваім аўтамабілі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт, каб сустрэць Паўла Шарамета. У аэрапорце пазьней знайшлі машыну Зьмітра Завадзкага са сьцёртымі адбіткамі пальцаў. Сьледзтва прызнала датычнымі да выкраданьня былога апэратара прэзыдэнта ўдзельнікаў гэтак званай «групоўкі Ігнатовіча» — былых спэцназаўцаў падразьдзяленьня «Алмаз». Іх віна была прызнаная толькі ў выкраданьні апэратара. Хто й за што выкраў, а, магчыма, і забіў журналіста Завадзкага, дагэтуль невядома.Кіраўнік дзяржавы неаднойчы заяўляў, што ў справе Зьмітра Завадзкага абавязкова знойдуць злачынцаў. Летась у інтэрвію газэце «Завтра» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Зьмітра забілі і гэта была помста аднаго з супрацоўнікаў спэцслужбаў. Але ў судзе было даказана: Ігнатовіч і Завадзкі ня ведалі адзін аднаго. Калі ў Чачэніі затрымалі Ігнатовіча, то сюжэт пра яго, у якім гаварылася, што на баку баевікоў ваююць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў, паказвала кампанія НТВ. Таму й матыву помсьціць апэратару Грамадзкага расейскага тэлебачаньня ў Ігнатовіча не было.За 10 гадоў грамадзтва так і не даведалася пра лёс Зьмітра Завадзкага.