Беларуская тэрміналагічная спадчына ў чатырох тамах

У Беларусі выйшла ўнікальнае выданне. У чатырох тамах факсімільна перавыдадзены ўсе 23 акадэмічныя тэрміналагічныя слоўнікі, якія пабачылі свет у 20-х гадах, а таксама беларускамоўныя вайсковыя статуты.

Выданне выйшла дадаткам да нумара часопіса Arche, прысвечанага беларускай лінгвістыцы 20-х гадоў. Гэты нумар яшчэ не выйшаў, але яго ўжо падрыхтаваў да друку ўкладальнік, дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ Сяргей Запрудскі.

Галоўны рэдактар часопіса Arche Валер Булгакаў сказаў, што падобнае выданне павінны былі выдаць беларускія акадэмічныя структуры, якія, на жаль, дэманструюць халодную абыякавасць да культурнай спадчыны Беларусі:

- Выданне гэтае можа зацікавіць чытача тым, што ў ім сабраны фактычна асноўны даробак беларускіх мовазнаўцаў у галіне тэрміналогіі 20-х гадоў. Асноўныя здабыткі беларускай лінгвістычнай навукі рэалізаваліся ў выпуску 23-х акадэмічных тэрміналагічных слоўнікаў. Усе яны перавыдадзеныя ў гэтым чатырохтомніку.

Выданне будзе распаўсюджвацца з дапамогай незалежных распаўсюднікаў. Чатыры тамы агульна маюць тры тысячы старонак.

Прадмову да выдання можна прачытаць тут.

Васіль Кроква, "Радыё Рацыя"