Набыў моц указ "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет"

Сёння набыў моц указ прэзідэнта "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет", падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 1 лютага гэтага года.
З 1 ліпеня згодна з дакументам суб`екты гаспадарання, якія рэалізуюць у Беларусі тавары (работы, паслугі) з прымяненнем інтэрнета, абавязаны выкарыстоўваць інфармацыйныя сеткі, сістэмы і рэсурсы нацыянальнага сегмента інтэрнета, размешчаныя на тэрыторыі краіны. Гэтыя сеткі, сістэмы і рэсурсы павінны быць зарэгістраваныя. "З мэтай арганізацыі бяспекі грамадзян і дзяржавы" пастаўшчыкі інтэрнет-паслуг павінны з сённяшняга дня ажыццяўляць ідэнтыфікацыю абаненцкіх устройстваў карыстальнікаў інтэрнет-паслуг, весці ўлік і захоўваць звесткі аб такіх устройствах і аказаных інтэрнет-паслугах. Указ упершыню рэгламентуе механізм абмежавання доступу да інфармацыі па запыце карыстальніка інтэрнет-паслуг. Так, па запыце карыстальніка пастаўшчык паслуг абавязаны абмежаваць доступ абаненцкага ўстройства, якое належыць гэтаму карыстальніку, да інфармацыі, змест якой накіраваны на распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў, прапаганду насілля, жорсткасці і іншых забароненых заканадаўствам дзеянняў. Афіцыйна ўказ накіраваны "на абарону інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы ў інфармацыйнай сферы, павышэнне якасці і патанненне інтэрнет-паслуг, забеспячэнне далейшага развіцця нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет". Аднак яшчэ на стадыі распрацоўкі дакумента з боку спецыялістаў інтэрнет-рынку было выказана нямала крытыкі. Канцэптуальныя заўвагі былі ўлічаны, распрацоўшчыкі ўнеслі ў праект дакумента змяненні. Крытыка з боку інтэрнет-супольнасці зноў з`явілася пасля зацвярджэння ўказа і прыняцця ў красавіку пастаноў урада ў рамках яго рэалізацыі. Паводле меркавання ўдзельнікаў інтэрнет-рынку, гэтыя дакументы маюць шэраг слабых месцаў, недапрацовак і розначытанняў, на якія нават прадстаўнікі адказных структур не заўсёды гатовы даць адказы. Шмат нараканняў выклікала норма, згодна з якой размешчаныя на тэрыторыі Беларусі інтэрнет-рэсурсы, інфармацыйныя сістэмы і сеткі неабходна зарэгістраваць да 1 ліпеня. 8 чэрвеня хостынг-правайдэры накіравалі калектыўны зварот ў Мінсувязі і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце па пытаннях прымянення ўказа № 60 і згаданых пастаноў Саўміна. У ім адзначалася, што ажыццявіць рэгістрацыю ўсіх рэсурсаў да 1 ліпеня немагчыма: "Зусім відавочна, што рэгіструючая арганізацыя — Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі (БелДІЭ) — у цяперашні момант не мае магчымасці зарэгістраваць у кароткі тэрмін усе беларускія сайты, а гэта не менш за 30.000 штук". Хостынг-правайдэры прапаноўвалі перанесці тэрмін рэгістрацыі сайтаў з 1 ліпеня на 1 кастрычніка. Між тым, як паведамілі БелаПАН 30 чэрвеня, напярэдадні ўваходжання ўказа ў сілу, у БелДІЭ, ніякіх звестак аб магчымым прадаўжэнні тэрмінаў рэгістрацыі рэсурсаў да іх не паступала. Пры гэтым у БелДІЭ адмовіліся паведаміць колькасць ужо зарэгістраваных сайтаў. Інтэрнет-карыстальнікі незадаволеныя тым, што з 1 ліпеня аказанне паслуг наведвальнікам камп`ютэрных клубаў і інтэрнет-кафэ павінна ажыццяўляцца пасля ідэнтыфікацыі асобы наведвальніка. Шмат пытанняў таксама выклікаў праект Палажэння аб парадку абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнет-паслуг да інфармацыі, забароненай да распаўсюджвання ў адпаведнасці з заканадаўствам. У канцы мая беларускія інтэрнет-карыстальнікі звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адмяніць указ № 60. Ліст быў размешчаны на спецыяльна створаным сайце: http://ukaz60.net. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый правялі акцыі пратэсту супраць рэалізацыі ўказа аб рэгуляванні інтэрнета ў яго цяперашнім выглядзе.
Аляксей Арэшка, "БелаПАН"