Скандальная беларуская паэзія

У гісторыі айчыннай літаратуры ёсць шэраг паэтычных твораў, з’яўленне кожнага з якіх у свой час выклікала скандал. За іх садзілі ў турму, а часам і даравалі жыццё, знішчалі цэлыя кнігі, але і друкавалі творы асобнымі выданнямі.

У 1927 годзе ў віленскім часопісе “Беларуская культура” Уладзімір Дубоўка пад псеўданімам Янка Крывічанін надрукаваў верш “За ўсе краі, за ўсе народы свету…”.

…На нашым карку торг спраўляе смела

Масква з Варшавай, з Рыгай і Літвой,

І наша змучанае катам цела

Штогодна новай кроіцца мяжой.

Масква сусвету вушы прашумела

Пра самавызначэнне аж да зор.

Смаленск дзе? Невель? Гомель дзе падзела?

Стварыла гомельскі ганебны калідар.

…Мы цацкай нейкай для чужынцаў сталі,

Пасмешышчам для свету усяго,

Як быццам мала ў нашай волі сталі,

Як быццам ў сэрцах нашых згас агонь. (урывак)

Нейкі час чэкісты не маглі знайсці аўтара такога смелага твора. А як даведаліся, то Дубоўку арыштавалі. У выніку паэт больш за два дзесяцігоддзі правёў у турме і высылцы. Пасля вызвалення ў Беларусь ён ужо не вярнуўся.

Тэме здзеку з беларусаў верш “Пасеклі наш край папалам…” прысвяціў Алесь Дудар. За яго аўтара выслалі з Беларусі ў 1929 годзе. Высылка была непрацяглай і ў суседні Смаленск. Але пасля паўторных арыштаў за прыналежнасць да міфічнай антысавецкай арганізацыі паэт быў расстраляны. Верш “Пасеклі мой край папалам…” хадзіў працяглы час у рукапісе. Аўтар паказаў у творы сутнасць савецкай улады. Людміла Рублеўская напісала, што адным з тых, хто назваў імя аўтара верша чэкістам быў Янка Купала.

Пасеклі наш край папалам,

Каб панскай вытаргаваць ласкі.

Вось гэта — вам, а гэта нам,

Няма сумлення ў душах рабскіх.

І цягнем мы на новы строй

Старую песню і чужую,

Цыгане шумнаю талпой

Па Бесарабіі качуюць...

За ўсходнім дэспатам-царком

Мы бегаем на задніх лапках,

Нью-Йорку грозім кулаком

І Чэмберлена лаем трапна.

Засыплем шапкамі яго,

Ура, ура, патопім у соплях.

А нас, тым часам, з года ў год

Тут прадаюць уразброд і оптам.

Мы не шкадуем мазалёў.

Мы за чужых — праклёны роем,

Але без торгу і без слоў

Мы аддаем сваіх герояў.

Не смеем нават гаварыць

І думаць без крамлёўскай візы.

Без нас ўсё робяць махляры

Ды міжнародныя падлізы… (урывак)

У 1936 годзе было напісана “Пiсьмо беларускага народа вялiкаму Сталiну”. Ліст, пад якім нібыта падпісаліся два мільёны працоўных краіны, вершавана “пераказалі” Янка Купала, Якуб Колас, Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Ізі Харык. Ліст у вершах быў вышыты ніткамі. Такі “падарунак” рыхтаваўся да шаснаццатай гадавіны вызвалення Беларусі ад палякаў і гадавіны ўручэння рэспубліцы ордэна Леніна. Тэкст ліста быў спачатку складзены ў празаічнай форме. І паэтам прапанавалі выбраць частку тэксту для паэтычнай апрацоўкі. Пісалі паасобку, а пасля зводзілі ў адно цэлае.

З-пад пушчаў Палесся, з-пад Нёмана, Сожа,

З-пад Пцiчы, Дняпра i Заходняй Дзвiны,

З-пад стыку са светам чужым i варожым

Прыйшлi мы, совецкай краiны сыны.

Раскажам табе мы праўдзiва былiны

Аб тым, як жылi мы i сталi мы чым,

Як мы разагнулi прыгнутыя спiны,

Сагрэтыя чулым прыглядам тваiм. (урывак)

Гэты ўзор паэзіі выклікае і сёння шмат абурэння. Але ў той час, каб не падзяліць лёс Дубоўкі і Дудара, а разам з імі і тысяч іншых, паэты вымушаны былі напісаць па загадзе такі ліст.

Францішак Вядзьмак-Лысагорскі напісаў паэму “Сказ пра Лысую гару” (1971). Паэма выйшла асобным выданнем толькі ў 1988 годзе. Пасля з новымі раздзеламі ў 1991. Ужо ў ХХІ стагоддзі аўтар вырашыў раскрыць сваё імя. Паэма з’явілася пад прозвішчам Ніла Гілевіча. Але на суаўтара твора прэтэндуе яшчэ Мікола Аўрамчык.

Чаму твор выклікаў скандал? У паэме з гумарам падаецца працэс пабудовы лецішчаў пісьменнікамі. Героі, якія ўзгадаваліся, у большасці крыўдзіліся на аўтара. Але ніхто не ведаў яго імя. Адлюстроўвалася і савецкая рэчаіснасць, аб якой гаварыць было нельга.

Ды ўсе прафесары й дацэнты

Перад Навуменкам адным

Былі, як дробязныя цэнты

Перад далярам залатым.

Другі маштаб — другая марка:

Калі яму стаўлялі дом —

Тры дні вішчэла цыркулярка,

Чатыры дні звінела чарка,

I цэлых пяць сквірчэла скварка,

I кожны дзень вялася сварка —

Былі Гамора і Садом!

Святоша-праведнік Аўрамчык

Якіхсьці хлопцаў прывалок —

Яны не дом яму, а храмчык

За тыдзень склалі да аблок.

Будаўнікоў тых незнаёмых —

Без намаганняў і турбот —

Ён адкрываў пасля імёны

У “Маладосці” цэлы год. (урыўкі)

Пасля развалу Савецкага Саюза Славамір Адамовіч стаў ці не першым і адзіным паэтам, каго пасадзілі за верш. “Забі прэзідэнта” (1995) называўся твор, за які аўтар амаль год правёў у турме. Па выхадзе на волю паэт у знак пратэсту супраць задушэння свабоды слова публічна зашыў сабе рот. Затым была эміграцыя ў Нарвегію. Вяртанне. І зноў ад’езд у Скандынавію. А верш “Забі прэзідэнта” стаў адзіным, з якім асацыюецца імя паэта сёння.

Убей эту сволочь, которая

так гнусно топорщит усы

над нашими всё же просторами,

над ликом родимой красы.

Чем можешь, убей, не раздумывай,

возьми автомат иль топор

и вскрой эту голову “умную”,

и выбрось в клоаку, как сор.

Убей эту мразь авторучкою,

иль зонтиком, или “пером”,

иль вовсе ма-а-аленькой штучкою,

подброшенной в терпкий ром. (урывак)

У 1997 годзе ў друку з’явілася імя Лесі Беларускі. Тады ў часопісе “Полымя” былі надрукаваныя вершы пад яе прозвішчам. Гэта было адкрыццё. Беларуская паэтка, якая пісала ў лагеры. А расказаў пра яе украінскі пісьменнік Васіль Малагуша. Валянціна Коўтун, даведаўшыся пра такую асобу, стварыла вершы, якія падпісала “Леся Беларуска”. Пазней, як высветлілася, нават такой зняволенай не існавала. А спадарыня Коўтун летась выдала кнігу “Малітва да Калымы”, у якой раскрыла сваё аўтарства тых вершаў. Вялікага скандалу не было, а вось містыфікацыя атрымалася ўдалая.

Малітва да Калымы

Даль засцілае імгла...

Тут — ні хлябоў, ні любві...

Матухна-Калыма,

не пагубі, не ўмярцві!

Месяц завіс залаты

акрайчыкам хлеба ўгары.

Матухна-Калыма,

голадам не замары!

Белая даль навакол,

ты нас імглой агарні:

ў небе — крамлёўскі арол.

Матухна, абарані!

З-за верша “Паэт”, прысвечанага Нілу Гілевічу, зборнік Эдуарда Акуліна “Радно” (2000) выдавецтва пусціла пад нож. Афіцыйнае тлумачэнне гучала так: “у сувязі з няправільным афармленнем”. Сп. Акулін здолеў уратаваць толькі некалькі асобнікаў кнігі. Ці не ў кожнага паэта знойдуцца не менш смелыя радкі на адрас улады. Але вось кніжкі нішчаць адзінкам.

Пры гэтым народзе,

пры гэтай уладзе

паэтаў народных

штурхаюць на здраду...

Паэтаў вялікіх,

чый век несканчоны,

змушаюць маліцца

на псеўдаіконы.

Віжуюць, не спяць

слугачы-янычары.

Драпежна рыпяць

валадарскія нары...

За кратамі песня.

Ды гэтага мала...

Няўжо уваскрэсне

забойца Купалы?

Пры гэтым народзе

з уладаю гэткай...

Як мала народных –

сапраўдныхПаэтаў!

Літаратуразнаўца Пятро Васючэнка да гэтага спісу дадае яшчэ вершы Янкі Купалы “Прыйдзі” (1919) і “Пазвалі вас” (1922), а таксама верш “Лісты да сабакі” (1927) і паэму “Цень Консула” (1918) Язэпа Пушчы.

“Пазвалі вас” напісаны ў сувязі з запрашэннем Уладзіміра Леніна еўрапейскімі дзяржавамі на Генуэскую канфэрэнцыю ў Італію. Паэт раскрытыкаваў бальшавіцкага кіраўніка.

Пазвалі вас на пір піроў,

Пазвалі вас за волю стаць,

І далі ўладу путы рваць,

І далі ўладу біць цароў,—

Зрабілі з вас гаспадароў.

І вы з рабоў пайшлі ў цары... (урывак)

А верш “Прыйдзі”, як пісаў пазней Лукаш Бэндэ, аўтар нібыта прысвяціў Юзэфу Пілсудскаму.

Гэтыя два творы папярэднічалі падзеям 1930 года, калі паэт з-за ціску з боку чэкістаў паспрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

Творы Язэпа Пушчы таксама “паспрыялі” яго арышту. “Лісты да сабакі” раскрытыкавалі за тое, што аўтар замест таго, каб радавацца, піша ўпадніцкі верш. Ды яшчэ звяртаецца да сабакі, а не да камсамольца.

…Няхай сабе я сёння й страшна хворы,

Не трэба ўсё ж рэцэптаў для душы.

Сталеццямі гараць і свецяць зоры,

І іх вятры не ў сіле затушыць.

Няхай, няхай гавораць так і гэтак,

А я пішу табе ўжо трэці ліст,

Няхай сабе аблаюць і ў газетах,

Мо ўспомніць часам хто калісьць.

Мой дружа, ці ж у гэтым рытмы песень

І смутак нашай сонечнай красы?

Калі паэт галоў на грудзі звесіць,

Няўжо краіне ён тады не сын? .. (урывак)

А ў назве паэмы “Цень Консула” пільнае вока чэкіста заўважыла абрэвіятуру ЦК. Гэтага было дастаткова, каб паэта выслаць. Твор напісаны быў у 1918 годзе. Хоць і надрукавалі яго праз 10 гадоў пад іншай назвай, арыгінальная была вядомая таксама.

Сяргей Макарэвіч, "Наша Ніва"


0
Гость
Зусім не прагне сённяшняя знаць
аб долі учарашняй знаці знаць.
(Ўладзімір Кныр)
Имя Цитировать 0
Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение