Сапраўдны сярэдні заробак у Беларусі — 600 тысяч?

Да канца 2010 года ўлады абяцаюць беларусам сярэдні заробак у 500 долараў. Нагадаем, што цяпер ён складае 370 долараў. “Ці ведаеце вы, які сярэдні заробак у Беларусі, і ці зарабляеце яго самі?” — такое пытанне задалі мы мінакам на вуліцы:
— Дакладна не памятаю…

— Здаецца, 370 баксаў. — Так, штосьці каля трохсот. Паміж трымастамі і чатырмастамі? — Ведаю, што мусіць дайсці да 500!А ваш заробак большы за сярэдні ці меншы? — Нашмат меншы — можа, у тры разы. — Калі браць сукупны, бо я працую на дзвюх працах, то большы, а калі толькі дзяржаўную працу, то вельмі далёка да гэтага сярэдняга ўзроўню. Дзе  ж тыя людзі, якія атрымоўваюць сярэдні заробак? Эканаміст Сяргей Чалы патлумачыў сітуацыю Еўрарадыё: “Так атрымоўваецца, таму што размеркаванне прыбыткаў па колькасці насельніцтва несіметрычнае. То бок, вельмі малая колькасць людзей атрымлівае вельмі шмат, і наадварот — шмат людзей атрымліваюць маленькі заробак. У выніку выходзіць, што сярэдні заробак атрымоўвае адносна меншая колькасць насельніцтва. Прыкладна толькі 30% насельніцтва атрымоўваюць больш за гэтую суму”. Звернемся да афіцыйнай статыстыкі. Паводле дадзеных Белстату, у 2009 годзе ад 500 тысяч да 1 мільёну рублёў зарабляла ажно 43,5% беларусаў. Сярэдні заробак тады быў якраз каля мільёна, расказаў Еўрарадыё прэс-сакратар Белстату Віктар Міхно:“Ад 500 тысяч і да мільёна зарабляла 43,5% ад усіх працаўнікоў. Ад мільёна да паўтары — 21,1%, ад 1,5 мільёнаў да 2-х — 7,7%, ад 2-х мільёнаў да 3-х — 4,2%. Больш за 3 мільёны — 1,2%. Да 200 тысяч — 1%. Вельмі бедных і вельмі багатых у нас не так і шмат”. Гэта лічбы за травень 2009 года. Паводле словаў спадара Міхно, такое даследаванне праводзіцца раз на два гады, бо яно дарагое. Наступнае будзе за травень 2011 года. Сапраўдны сярэдні заробак у Беларусі роўны 600 тысячам, лічыць эканаміст Сяргей Чалы. А такія перакосы адбываюцца таму, што ў нас лічаць сярэднеарыфметычны заробак, што мела сэнс толькі ў савецкія часы, калі людзі зараблялі аднолькава. Цяпер жа трэба лічыць сярэдні медыяльны заробак, кажа эксперт:“Медыяна — гэта калі ўзяць усё насельніцтва, якое атрымоўвае грошы, і падлічыць роўна палову: палова будзе атрымоўваць менш за гэтую суму, а палова — больш. Гэта насамрэч і ёсць сярэдні заробак. І ў нашых умовах ён паміж 600 і 700 тысячамі. А сярэдні арыфметычны, што лічыць Белстат, пайшоў яшчэ з савецкіх часоў, калі ў нас практычна не было размежавання насельніцтва паводле прыбыткаў. Тады гэта мела сэнс. А цяпер гэта “сярэдняя” — чыста арыфметычная сума, якая вялікага фізічнага сэнсу не нясе”. Ці рэальна дасягнуць сярэдняга заробку ў 500 долараў да канца года? Спадар Чалы лічыць, што гэта сапраўды магчыма, але 90% насельніцтва на сабе яго не адчуюць:“У нас у сакавіку-траўні было прынята некалькі пастановаў урада, якія прысвечаныя таму, каб высокааплатным катэгорыям, асабліва мэнэджэрам, кіраўнікам прадпрыемстваў, літаральна ў разы павялічыць прэміраванне у выніку выканання прагнозных паказчыкаў і г.д. Фактычна, сітуацыя дайшла да таго, што, замест таго, каб падвышаць менавіта колькасць людзей, якія зарабляюць менш, чым у сярэднім, нашы пачалі павялічваць даходы, якія атрымоўвае абсалютная меншасць. То бок, сапраўды, вынік будзе той самы — сярэдні заробак у выніку зноў павялічыцца, але 90% насельніцтва на сабе гэтага не адчуе”.

Наста Манцэвіч, "Еўрарадыё"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение