Пастаўкі газу ў Беларусь скарочаны ўжо на 60%

З сённяшняга дня пастаўкі расійскага газу ў Беларусь скарочаны ўжо на 60% ад плана, паведаміў кіраўнік "Газпрома" Аляксей Мілер на ранішнім пасяджэнні аператыўнага штаба.

"З 10.00 уводзіцца абмежаванне паставак на 60%", — цытуе Мілера РІА Новости.

Абмежаванні, нагадаем, былі ўведзены раніцай 21 чэрвеня — тады "Газпром" скараціў пастаўкі газу ў Беларусь на 15%. 22 чэрвеня аб'ём паставак зменшыўся на 30%. Кіраўніцтва "Газпрома" папярэдзіла, што абмежаванне плануецца давесці да 85%, адпаведна з узроўнем запазычанасці Мінска за газ.

21 чэрвеня першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што рэспубліка разлічыцца за расійскі газ на працягу двух тыдняў. Пры гэтым беларускі бок выстаўляе расіянам сустрэчнае патрабаванне — пагасіць доўг за транзіт газу па сваёй тэрыторыі ў 217 млн. долараў.

22 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся перакрыць транзіт расійскага газу цераз Беларусь. Паводле слоў прэзідэнта, у хуткім часе Беларусь можа пералічыць грошы "Газпрому" ў кошт доўгу за пастаўлены газ.

Пры гэтым Лукашэнка прапанаваў "Газпрому" зрабіць узаемазалік даўгоў. "Не мы вінаватыя сёння "Газпрому", а "Газпром" вінаваты Беларусі 70 мільёнаў долараў, калі правесці залік. Гэта абсалютна дакладна, і яны гэта прызналі", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек заявіў, што Еўрасаюз не мае намеру ўмешвацца ў газавую спрэчку Расіі і Беларусі. "Мы не ўмешваемся ў адносіны паміж дзвюма краінамі — гэта справа Расіі і Беларусі", — заявіў ён 22 чэрвеня, знаходзячыся ў Маскве.

Бузек выказаў надзею на тое, што рознагалоссі па газе паміж Масквой і Мінскам не паўплываюць на пастаўку паліва ў еўрапейскія краіны.

Марына Носава, "БелаПАН"