Віцэ-прэм’ер Сямашка: "У нас складана з валютай, каб аплаціць газ"

Беларусь знойдзе сродкі для аплаты цягам двух тыдняў, заявіў журналістам у панядзелак першы віцэ‑прэм’ер.

Беларусь пакуль не пагасіла запазычанасць за газ, і “Газпром” у 9.00 панядзелка прыступіў да абмежавання паставак, ліміт абмежавання спачатку складзе 15% ад сутачнай нормы, затым паступова будзе павялічаны да 85%.

“Мы разлічваем, што на працягу двух тыдняў мы знойдзем магчымасць, пазычым, але разлічымся за газ”, — сказаў Сямашка.

“Мы не хаваем, у нас складана з валютай, каб увайсці ў рэжым рэальнага часу і аплаціць газ. Мы павінны пазычыць”, — дадаў ён.

Пры гэтым першы віцэ‑прэм’ер адзначыў неабходнасць аплаты Расіяй транзіту газу. “Далей мы ўвойдзем у рэжым: яны (Расія) разлічацца за транзіт, мы — за газ”, — сказаў Сямашка.

“Выпрацаваны пратакол, з якім мы не можам цалкам пагадзіцца, але ён нас задавальняе ў тым выглядзе, як ён ёсць. Важна, што расейскі бок прызнае, што мусіць Беларусі 217 000 000 даляраў за транзіт газу.

Калі нам заплацяць 217 000 000, мы гатовыя заплаціць 187 млн”.

Пры гэтым Сямашка адзначыў, што пытанне не з’яўляецца прынцыповым — хто заплаціць першым: Расія Беларусі ці Беларусь Расіі.

“Мы нашым партнёрам давяраем, і калі мы дамовімся, што мы Расеі заплацім раніцай, Расія нам за транзіт вечарам, то ў гэтым няма нічога страшнага”, — сказаў Сямашка.

"Наша Ніва"