"Газпром" пачаў абмежаванне паставак газу Беларусі

"Газпром" пачаў абмежаванне паставак газу ў Беларусь. Пра гэта паведаміў кіраўнік расійскага газавага холдынгу Аляксей Мілер 21 чэрвеня на пасяджэнні аператыўнага штаба па ацэнцы сітуацыі з Беларуссю.
"Закончыўся адведзены тэрмін, пяць дзён, які быў дадзены беларускаму боку. Запазычанасць не пагашана. З 10 раніцы маскоўскага часу (з 9.00 па мінскім. — БелаПАН.) 21 чэрвеня 2010 года ўводзіцца рэжым абмежавання пастаўкі расійскага газу ў Рэспубліку Беларусь на 15% ад аб'ёмаў планавай пасутачнай пастаўкі газу з паступовым выхадам на ўзровень абмежавання да 85% прапарцыянальна запазычанасці", — цытуе Мілера РІА Новости. Як паведамлялася раней, прэзідэнт РФ даручыў "Газпрому" пачаць абмежаванне паставак газу Беларусі, працягваючы пры гэтым кансультацыі з Мінскам па ўрэгуляванні доўгу. Раніцай 21 чэрвеня на сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым Мілер паведаміў, што "Беларусь прызнае доўг за газ, але прапаноўвае аплату рабіць машынамі, абсталяваннем і рознымі іншымі таварамі". У адказ прэзідэнт РФ заўважыў, што ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам замежныя плацяжы могуць прымацца толькі ў замежнай валюце — інакш гэта супярэчыць закону. "Газпром" нічым не можа прымаць аплату за доўг: ні пірагамі, ні маслам, ні сырам, ні іншымі сродкамі плацяжоў", — падкрэсліў Мядзведзеў. Паводле інфармацыі Мілера, у адпаведнасці з беларуска-расійскім кантрактам "Газпром" у такой сітуацыі "павінен увесці абмежаванне паставак газу прапарцыянальна аб'ёму доўгу". "Пачынайце тады адпаведную працэдуру, захоўваючы ўзаемадзеянне з беларускімі партнёрамі і схіляючы іх да выканання дагавора і ў адпаведнасці з тымі правіламі, якія існуюць у "Газпрома" з іншымі контрагентамі", — распарадзіўся Мядзведзеў. Нагадаем, 20 чэрвеня на чарговыя перамовы ў Маскву адправілася беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра эканомікі Андрэем Філонавым. Аб ходзе перамоў нічога не паведамляецца. Сітуацыю з пастаўкамі газу беларускія профільныя ведамствы не каментуюць. "Газпром" патрабуе ад Мінска пагасіць запазычанасць у 192 млн. долараў за пастаўкі газу ў 2010 годзе. У сваю чаргу, у Мінску заяўляюць, што "Газпром" вінен Беларусі больш як 200 млн. долараў за транзіт газу па беларускай тэрыторыі.