Мядзведзеў паставіў Лукашэнку братні ўльтыматум

Беларусь мае пяць дзён, каб “каб яны вызначыліся, як паводзіць сябе далей”, інакш будуць ужытыя “строгія захады”. Падставай стала запазычанасць за газ, што ўтварылася за 2010 год.

Як заўсёды ў Расіі, Лукашэнка быў кампліментарны і выпраменьваў добры настрой. З Пуціным нават жартаваў, што Мядзведзеў яго не пакарміў, таму вячэра з прэм’ера.

Як аказалася, пустыя талеркі Мядзведзева былі знакам.

Гарачае пытанне беларуска-расійскіх адносінаў — падпісанне нашай краінай Мытнага саюза. Ён нявыгадны Беларусі, бо абмяжоўвае эканамічную самастойнасць і створыць перашкоды ў інтэграцыі з ЕС. Аднак Лукашэнку спакушала магчымасць працягу энергетычнага гранта ад Масквы.

Беларусь настойвала: калі мы падпісваем Мытны саюз, ніякіх пошлін на энергарэсурсы быць не можа. Расія ж прапануе бязмытную нафту толькі на ўнутрыбеларускія патрэбы. Астатнюю — па рынкавых цэнах.

28 мая прэм'ер-міністры Расіі і Казахстана дамовіліся аб увядзенні Мытнага кодэкса на двухбаковай аснове, бо Сяргей Сідорскі на сустрэчу не прыбыў.

Тым не менш, расійскаму віцэ-прэм’еру Ігару Шувалаву Лукашэнка казаў, што “Беларусь можа пайсці на кампрамісныя рашэнні ў Мытным саюзе пры ўмове раўнапраўных і паважлівых адносін з боку іншых удзельнікаў”. Пра магчымасць падпісання гаварыў і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.

Сустрэчы Лукашэнкі ў Маскве 11 чэрвеня магло не адбыцца ўвогуле. У той дзень прэзідэнт Мядзведзеў знаходзіўся ў Ташкенце на саміце Шанхайскай арганізацыі, а прэм’ер Уладзімір Пуцін вёў у Парыжы перамовы з Сарказі. Сустрэчу з Лукашэнкам расійскія лідэры прызначылі на глыбокі вечар, які ўжо пераходзіў у ноч. Журналісты прысутнічалі толькі пры першасным абмене рэплікамі.

Прэс-служба Мядзведзева паведаміла, што расійскі бок прапанаваў Беларусі ратыфікаваць пагадненне аб Мытным саюзе, а пытанне аб нафце вырашаць у двухбаковым парадку.

Выглядае, што Лукашэнка не пагадзіўся.

У панядзелак у палаце прадстаўнікоў адклалі ратыфікацыю Мытнага кодэкса на няпэўны тэрмін. Пра адсутнасць вынікаў гаварыла і тое, што беларускі кіраўнік ніяк не пракаментаваў свой ваяж.

Пасол Расіі Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі ў пятніцу пагрозліва намякнуў, што Расія гатовая ўвесці мытны кантроль на мяжы з Беларуссю. “Мытная мяжа будзе фармавацца па тэрыторыі Расіі і Казахстана з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць. Якія складанасці ўзнікнуць пры спробе яе [мяжу] пераехаць, усім зразумела — гэта ветэрынарныя, санітарныя, мытныя і іншыя пытанні”, — дадаў ён.

Нарэшце, у аўторак загаварыў Мядзведзеў. Ён сустрэўся з кіраўніком “Газпрома” Аляксеем Мілерам і паставіў Лукашэнку ўльтыматум. У пяцідзённы тэрмін, “з улікам таго, што мы з Беларуссю ўзаемадзейнічаем у партнёрскім ключы”, Беларусь мусіць сплаціць каля 200 млн даляраў запазычанасці за газ, пастаўлены ў 2010 годзе. “Калі гэтага зроблена не будзе, тады давядзецца ўжыць строгія меры”, – сказаў Мядзведзеў.

Мядзведзеў адзначыў, што Лукашэнка тлумачыць недаплаты “цяжкім фінансавым становішчам”. “Але, калі шчыра, цяпер усім цяжка”, – адрэзаў Мядзведзеў.

Як лічыць кіраўнік “Газпрома”, у Беларусі ёсць сродкі для аплаты доўгу, атрыманыя ад продажу 50% “Белтрансгаза”.

На думку большасці аналітыкаў, Расія газавым шантажом хоча загнаць Беларусь у Мытны саюз.

Ніколі раней такі канфлікт не адбываўся перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

Цікава, што апошнім часам мусіруюцца чуткі пра тое, што яны могуць адбыцца ўжо ўвосень, каб не даць Маскве часу разыграць выбарчую карту.

“Добра, што ў нас ёсць чым ваяваць”, адзначыў Лукашэнка за некалькі гадзін да заявы Мядзведзева, калі наведваў спецназ КДБ “Альфа”.

* * *

Як заявіў Сяргей Мусіенка, аналітык, блізкі да лукашэнкаўскай адміністрацыі, справакаваць заяву расійскага боку магло менавіта нежаданне ратыфікаваць мытныя пагадненні. Але праўдзівая мэта падобных заяваў — “жаданне рэваншу імперыі”, цытуе яго gazeta.ru.

Праз пагрозы расейскага боку беларускія ўлады наўрад ці пойдуць на нейкія саступкі.

“Гэта ўжо ўваходзіць у звычку, што мы вось зараз папагражаем і ўсе спалохаюцца. Мы ўжо стаміліся ад гэтага. Ну няхай адключаць”, — заявіў Мусіенка.

Зміцер Панкавец, "Наша Ніва"