Як захаваць культурную самабытнасьць?

„Як захаваць культурную самабытнасьць?” – гэта назва брашуры, якая нядаўна выйшла ў Менску. Яе аўтарка – Люба Ўладыкоўская-Канаплянік. Прапануем вашай увазе размову з аўтаркай брашуры. Яна расказвае пра досьвед іншых краін у захаваньні культурнай самабытнасьці, які варта выкарыстоўваць беларусам.

Л. Уладыкоўска-Канаплянік: Так склалася ў маім жыцьці, што за некалькі апошніх гадоў я наведала амаль усе эўрапейскія краіны ды ЗША ня толькі ў якасьці турыста, але з мэтаю вывучэньня захаваньня культурнай самабытнасьці, вывучэньня пытаньня рэалізацыі сучаснай культурнай палітыкі ў розных краінах. Ня столькі навуковыя досьведы, колькі знаёмства з вопытам культурнага самавыяўленьня сучасных нацый далі мне ўнутранае жаданьне распавесьці, з аднаго боку, пра значнасьць і неабходнасьць захаваньня самабытнасьці нацыі, а зь іншага боку, паказаць сусьветны вопыт. Я апрацавала канкрэтныя прапановы, мэтады й спосабы, якія павінны выкарыстоўваць беларусы дзеля таго, каб не згубіцца ў сучасных працэсах размываньня, стандартызацыі, уніфікацыі й гэтак далей.

Пра якія канкрэтныя парады ідзе гаворка? Як захаваць культурную самабытнасьць?

Л. Уладыкоўска-Канаплянік: Гэта надзвычай складанае пытаньне, бо тут праблема сацыяльная й дзяржаўная. Калі казаць пра асобнага чалавека, то патрэбна веданьне, зацікаўленасьць гісторыяй свайго народу, мэтанакіраванае вывучэньне культуры і ўжываньне беларускай мовы. Без канкрэтнага моўнага кантэксту ніякія размовы, ніякі плённы міжкультурны дыялёг немагчымы.

Калі мы гаворым пра захаваньне культурнай самабытнасьці, то трэба памятаць, што гэта пытаньне дзяржаўнай важнасьці. Досьвед іншых краін пацьвярджае, што агульнымі намаганьнямі – з аднаго боку, дзяржава, а з другога, грамадзтва – трэба клапаціцца пра гэтую праблему. Тое, што я пабачыла, пацьвярджае маю тэзу – дзяржава паўсюль выступае мэцэнатам культуры. Гэта дзяржава павінна выпрацаваць стратэгію культурнага разьвіцьця, эфэктыўную для кожнага народу ў канкрэтных умовах.

Зь іншага боку, грамадзянская супольнасьць, якая ў Беларусі толькі становіцца на ногі, таксама павінна клапаціцца й прапаноўваць свае формы падтрымкі культуры.

Распавядзіце пра канкрэтны досьвед іншых народаў, які можа выкарыстаць Беларусь.

Л. Уладыкоўска-Канаплянік: Польшча. Для нас важна дзяржаўная мэтанакіраваная падтрымка духоўнай і культурнай спадчыны ды адначасова вельмі граматная стратэгія культурнага разьвіцьця сучаснай Польшчы. Нацыянальная стратэгія культурнага разьвіцьця на 2004-2013 гады вельмі прадуманая. Што мяне зьдзівіла, там дасканала апісаныя адмоўныя бакі сучаснага культурнага жыцьця Польшчы. Калі ёсьць дакладна прааналізаваныя адмоўныя бакі, то значыць ёсьць імкненьне аб’ектыўнага аналізу сытуацыі й руху наперад.

Брытанскі вопыт. Для беларусаў найважнейшым было б перайманьне досьведу ў сфэры адукацыі, бо такая павага да асобы, стварэньне ўмоваў для поўнай рэалізацыі творчых памкненьняў, такая акцэнтацыя на інтэлектуальны патэнцыял дазваляе брытанцам заставацца адной з самых разьвітых нацыяў у сьвеце. Калі казаць пра брытанскую сфэру адукацыі, то там вучаць вучыцца фармаваць асобу талерантную да іншых культур, асобу творчую, асобу адкрытую на новыя праблемы, якія ўзьнікаюць штодня.

Амэрыка. Гэта ўменьне весьці міжкультурны дыялёг і ўменьне захоўваць тое, што ствараецца сёньня. Амэрыканскае грамадзтва складаецца фактычна з многіх культур, але яны ўмеюць захоўваць і разьвіваць тое, што робіцца сёньня.

З Любай Уладыкоўскай-Канаплянік гутарыла Алена Пытэль.

"Польскае радыё для замежжа"