У Мінску прайшоў мітынг, скіраваны супраць прэзідэнцкага ўказа па рэгуляванні нацыянальнага сегмента інтэрнета

10 чэрвеня ў Мінску прайшоў мітынг супраць указа прэзідэнта № 60 аб рэгуляванні інтэрнета. Удзел у санкцыянаваным уладамі мітынгу, які адбыўся на плошчы Бангалор з 18.00 да 18.40, узялі каля 50 чалавек.

Заяўнікамі акцыі былі актывісты нацыянал-бальшавіцкага руху Беларусі, аднак у ім удзельнічалі прадстаўнікі іншых арганізацый, сярод якіх "Правы альянс", "Рух будучыні", ЛГБТ-ініцыятывы. Як сказаў падчас мітынгу лідэр беларускіх "нацболаў" Яўген Контуш, па сваёй сутнасці ўказ № 60 "пачварны".

"Ужо немагчыма зайсці ў інтэрнет-кафэ, не прад'явіўшы пашпарт. Сайты, якія я звычайна наведваю, могуць закрыць, а глядзець беларускае тэлебачанне для атрымання інфармацыі наогул небяспечна, бо там яна падаецца аднабока і неаб'ектыўна", — сказаў Контуш. Мы тут, каб сказаць рашучае "не" ўказу прэзідэнта № 60, які абмяжоўвае волю ў інтэрнеце. А гэта значыць, што людзі атрымаюць абмежаванні ў свабодным абмене інфармацыяй і ўсё, што адсюль вынікае. Гэта прамы наступ на свабоду ў гэтай краіне, чарговы захад па растоптванні свабод", — сказаў Контуш.

Лідэр "Руху будучыні" Марат Абрамоўскі ў сваім выступленні адзначыў, што інтэрнет — гэта той рэсурс, у якім яго рух працуе. Ён таксама падкрэсліў, што "Рух будучыні" першапачаткова быў арганізаваны як аб'яднанне прыхільнікаў пэўных ідэй сацыяльнай сеткі "У кантакце". "У свеце інтэрнет асацыюецца са словам "свабода". Гэта адзіная пляцоўка, якую можна назваць платформай грамадзянскага ўзаемадзеяння для абмеркавання новых ідэй, выказвання свайго меркавання, атрымання новай інфармацыі. Калі інтэрнет будзе жорстка рэгулявацца ў Беларусі — гэта адкіне краіну ў развіцці на дзесяткі гадоў", — сказаў Абрамоўскі.

Яўген Контуш заявіў, што, для таго каб указ не набыў моц, "усе метады добрыя": мітынгі, пікеты, збор подпісаў пад калектыўнымі зваротамі і правядзенне круглых сталоў з удзелам вельмі шырокага кола людзей, зацікаўленых у свабодзе інтэрнета. "Гэта тое, што аб'ядноўвае ўсіх — і апазіцыянераў, і прадстаўнікоў улады, і проста актыўных людзей. Я лічу, што супрацьдзеянне ўказу № 60 — гэта праблема, якая можа аб'яднаць усіх грамадзян Беларусі, незалежна ад іх ідэалагічных поглядаў і пераваг", — заявіў Контуш.

Лідэр беларускіх "нацболаў" таксама адзначыў, што сённяшняя акцыя — першая з шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных свабодзе інтэрнета. Наступная акцыя павінна адбыцца 23 чэрвеня на плошчы Свабоды ў Мінску ў 19 гадзін. Паводле яго слоў, заяўка на яе правядзенне ўжо пададзена ў Мінгарвыканкам. За мітынгам назіралі супрацоўнікі міліцыі ў форме і цывільным, аднак у ход яго правядзення не ўмешваліся.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение