Абама падоўжыў санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама прыняў рашэньне прадоўжыць на год уведзеныя яшчэ ў 2006 годзе санкцыі супраць прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і некаторых іншых прадстаўнікоў кіраўніцтва краіны.
Санкцыі тычацца "некаторых кіраўнікоў Беларусі, а таксама іншых асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы ці інстытуты, парушаюць правы чалавека і датычныя да карупцыі", - гаворыцца ў заяве Абамы.
"Нягледзячы на вызваленьне ў канцы 2008 году палітычных зьняволеных, прызнаных такімі міжнароднай супольнасьцю, а таксама на нашы пастаянныя намаганьні, накіраваныя на правядзеньне далейшых рэформаў, зьвязаных з дэмакратыяй, захаваньнем правоў чалавека і вяршэнствам закона, у гэтай краіне застаюцца сур'ёзныя праблемы ", - адзначаецца ў дакумэнце, які цытуе Інтэрфакс.Санкцыі, уведзеныя прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым 16 чэрвеня 2006 года, прадугледжваюць арышт на тэрыторыі ЗША ўласнасьці людзей, якія трапілі ў "чорны сьпіс".