Беларуская мова ў рэкламе каштуе даражэй?

Паводле словаў экспертаў, "вучыць" рэкламу "размаўляць" па-беларуску — справа затратная. Гэта нягледзячы на тое, што рэклама на "мове" цікавая і для спажыўцоў, і для заказчыкаў, і для саміх піяршчыкаў.

У панядзелак прадстаўнікі рэкламных кампаній спрабавалі адказаць на пытанне: “Ці можна навучыць рэкламу гаварыць па-беларуску?”. Як высветлілася, адназначнага адказу няма. Але дырэктар агенцтва “Адвента Ініцыятыў Медыя” Алег Сташэўскі прызнаў, што ўздымаць гэтую праблему неабходна.Алег Сташэўскі: “У краіне, дзе 90 альбо 80% кантэнту ідзе на рускай мове, дзе прэзідэнт гаворыць па-руску, дзе каментатары гавораць па-руску, выбіцца з дапамогай беларускай мовы дастаткова проста. Іншая рэч, ці ёсць у гэтым вялікая неабходнасць. Пра гэта казаць пакуль складана. Але казаць трэба, бо гэта дадатковы інструмент у прасоўванні тавару, дадатковы інструмент у ідэнтыфікацыі прадукту, ідэнтыфікацыя яго паходжання і гэтак далей”.

Алена Макоўская і Алег Сташэўскі

Падтрымаў калегу і дырэктар агенцтва Publicis Hepta Аляксандр Васілевіч. Аляксандр Васілевіч: “Няма ніякага непрыняцця насельніцтвам беларускай мовы ў рэкламе, але рэкламныя агенцтвы працуюць з рэальнасцю. А рэальнасць у тым, што большасць насельніцтва, каля 95%, размаўляюць па-руску. Альбо на мове, падобнай да рускай, — гэта факт”.

Аляксандр Васілевіч

А паколькі, кажа крэатыўны дырэктар рэкламнага агенцтва “Янка” Ян Карпаў, кожны вытворца зацікаўлены ў найбольшых продажах сваёй прадукцыі, то і арыентуюцца яны на гэтага рускамоўнага спажыўца.Ян Карпаў: “Рэкламнаму агенцтву для таго, каб выпусціць рэкламную кампанію па-беларуску, трэба прадставіць шмат аргументаў, запэўніць вялікую колькасць людзей у тым, што гэта трэба”. Паводле словаў спецыялістаў, ніякіх даследаванняў, што беларускамоўная рэклама больш эфектыўная, чым рэклама па-руску, няма. І даказваць перавагу рэкламы на роднай мове заказчыку трэба “на пальцах”. Большасці рэкламшчыкаў гэты клопат проста не патрэбны, і яны пагаджаюцца рабіць рэкламу па-руску. Разам з тым Ян Карпаў выказаў упэўненасць, што рэкламадаўцы часам не супраць таго, каб прасоўванне іх прадукту адбывалася па-беларуску.Ян Карпаў: “Ёсць розныя выпадкі выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе. Камусьці важна падкрэсліць, што гэта тавар сапраўды беларускі. Камусьці трэба праявіць павагу да пэўнай групы насельніцтва. Але цяпер яе так мала, што першая рэакцыя на беларускую мову ў рэкламным блоку — гэта павелічэнне ўвагі”.

Ян Карпаў

У выніку ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што і людзі да рэкламы па-беларуску ставяцца прыязна, і заказчыкі ў большасці не супраць яе, і агенцтвы гатовыя рабіць такую рэкламу. Але так і не адказалі журналістам, чаму яе сёння так мала — беларускамоўнай рэкламы. Частка прадстаўнікоў кампаній прызналася, што ў іх не хапае супрацоўнікаў, якія валодаюць мовай у такой ступені, каб прыдумляць яскравыя і запамінальныя слоганы па-беларуску. А Алег Сташэўскі дадаў, што гэта справа затратная — "вучыць" рэкламу "размаўляць" па-беларуску.Алег Сташэўскі: “Гэта затратная частка — распаўсюд мовы. Але галоўнае падысці да фармавання брэнда №1. Калі ён будзе сфармаваны і стане моцным, тады ён стане паравозам, які будзе рухаць іншыя брэнды”. Шмат рэкламы па-беларуску з’яўляецца не па тэлевізары, а ў Інтэрнэце. Журналісты пацікавіліся ў спецыялістаў, як жаданне дзяржавы рэгуляваць сусветнае павуцінне можа адбіцца на рынку інтэрнэт-рэкламы. Аляксандр Васілевіч намаляваў сумныя прагнозы.Аляксандр Васілевіч: “У нас, на жаль, няма адказу. Бо ніхто не ведае, што будзе адбывацца ў беларускім Інтэрнэце. Нават тыя, хто яго хоча рэгуляваць. Усё, што я чытаў наконт праекту ўказа, нейкіх пастаноў і ўнутраных дакументаў, мяне яшчэ больш заблытала. І мне падаецца, што ніхто не разумее. Але зразумела, што калі будзе больш моцны дзяржаўны ўплыў на сферу Інтэрнэту ў сэнсе жорсткага рэгулявання, то, вядома, гэты рынак паваліцца”.

Тым не менш, цяпер прадстаўнікі розных кампаній у межах фестывалю беларускай рэкламы і прамоцыі "Аднак" ствараюць шэраг ролікаў па-беларуску. І спадзяюцца, што вынікі іх працы не толькі задаволяць гледачоў, але і ўпэўняць заказчыкаў у неабходнасці пераводзіць свае рэкламныя кампаніі на "мову".

Зміцер Лукашук, "Еўрарадыё"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение