Кіраўнік Меншчыны не супраць гвалтоўнага загону школьнікаў на трыбуны

Барыс Батура, зацверджаны старшынём Менаблвыканкама, лічыць карыснай практыку прымусовага запаўнення школьнікамі трыбунаў спартыўных арэнаў. Пра гэта чыноўнік заявіў у прамым эфіры праграмы «Выбар-плюс» на тэлеканале «АНТ», паведамляе TUT.by.

Адказваючы на пытанне вядучага праграмы Сяргея Дарафеева пра скаргі школьнікаў і іх бацькоў на прымусовае запаўненне імі спартыўных арэнаў, кіраўнік Меншчыны назваў гэтую практыку нармальнай.

«Розум чалавек атрымлівае ў спадчыну ад нараджэння. Усе астатнія якасці ў ім можна выхаваць. Таму ўсё, што ў чалавека ўкладваецца да 35 гадоў, ён усмоктвае як губка, - заявіў Барыс Батура. - Гэта [прымусовае запаўненне трыбунаў] ідэалогія, здаровы лад жыцця, таму ў школьным узросце і прымусіць можна».

Адзначым, што Батура не першы высокапастаўлены чыноўнік, які публічна падтрымаў неадназначную практыку запаўнення спартыўных арэнаў краіны. Увосень 2009-га, адказваючы на пытанні наведнікаў TUT.BY, тагачасны старшыня Федэрацыі хакея Беларусі (ФХРБ) і экс-міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў заявіў: «На чэмпіянатах свету, здараецца, праходзяць матчы, якія не наведваюць гледачы, а гэта падрывае аўтарытэт сусветнага хакея. Міжнародная федэрацыя вылучыла патрабаванне: калі ў 2014 годзе будуць краіны, якія не прывязуць заўзятараў, ці іх гульня не будзе выклікаць належнай цікавасці, дык мяне прасілі прыцягваць школьнікаў і прымусова прыводзіць на гэтыя матчы. Нічога дрэннага ў гэтым я не бачу. Часта бывае так, што людзей запрашаюць, прыводзяць, зацікаўліваюць, а потым яны самі пачынаюць прыходзіць на спартыўныя мерапрыемствы. Я ніколі не быў супраць таго, што да цікавага, культурнага, цудоўнага прыводзяць людзей прымусова».

Гэтае выказванне выклікала буру абурэння на інтэрнэт-форумах і ў некаторых спецыялістаў. Аднак ужо ў студзені 2010-га пазіцыю Навумава, які да таго часу ўжо сышоў у адстаўку з пасады старшыні ФХРБ, фактычна паўтарыў міністр спорту Алег Качан.

«Як па-іншаму прымусіць людзей убачыць альтэрнатыву славянскаму застоллю? - заявіў Качан на паседжанні калегіі Мінспорта. - Спачатку дзейнічае адміністрацыйны рэсурс, а затым людзі самі пачынаюць цікавіцца спортам».

«Заганяць людзей статкамі на «арэну» - гэта «дзеравеншчына» і парушэнне правоў чалавека, - пракаментаваў выказванне міністра галоўны рэдактар вядучай спартыўнай газеты краіны «Прэссбол» Уладзімір Беражкоў. - Самае страшнае, што туды заганяюць дзяцей, якіх здымаюць з урокаў. Я лічу, што школьніку нашмат больш карысна схадзіць на ўрок фізкультуры, чым сядзець на трыбуне, куды яго загналі і дзе ён адчувае адзінае жаданне - як мага хутчэй адтуль змыцца пасля першага перыяду, каб настаўніца не заўважыла. Бо так і адбываецца: іх заганяюць, а потым яны ўцякаюць. Зараз па разнарадцы прымушаюць настаўнікаў вартаваць у дзвярах, каб дзеці не збягалі. Гэта нонсэнс, гэта ні ў якія вароты не лезе!»

20 красавіка прэзідэнт Беларусі прызначыў Барыса Батуру, які ўзначальваў дагэтуль Магілёўскі аблвыканкам (2000-2008) і «савет рэспублікі» (2008-2010), старшынём Менскага аблвыканкама. 25 траўня чыноўнік быў зацверджаны на гэтай пасадзе Менскім абласным Саветам дэпутатаў.

"Хартыя'97"