"Тутэйшых" у Купалаўскім больш не будзе

“Тутэйшыя” зняты з нашага рэпертуару, — сказаў “Народнай Волі” загадчык літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Ігар Скрыпка.

— Зусім і назаўсёды. Па‑першае, “здохлі” дэкарацыі. Па‑другое, састарэлі артысты. І па‑трэцяе, састарэў сам спектакль. Наколькі я ведаю, Мікалай Пінігін вяртацца да гэтага спектакля не будзе. Увосень мінулага года міністр культуры Павел Латушка цікавіўся ў Пінігіна, ці плануецца аднаўленне “Тутэйшых”. Пінігін сказаў, што не. Бо кожны спектакль мае свой век…

Віктару Манаеву, які іграў Мікіту Зносака, у жніўні гэтага года будзе 52 гады. А ягонаму герою ў п’есе Янкі Купалы — 25—28. У нашым тэатры, канечне, ёсць таленавітая моладзь, але… Вы ўяўляеце, што такое аднавіць гэты спектакль, увесці абсалютна новых артыстаў? Гэта фактычна зрабіць новую пастаноўку…”

Мікалай Пінігін гаворыць, што калі да яго звернецца нехта з маладых рэжысёраў з просьбай паставіць “Тутэйшых” на Купалаўскай сцэне, то ён разгледзіць ягоную прапанову.

“Мне нават намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка прапаноўваў аднавіць “Тутэйшых”, — расказвае Мікалай Мікалаевіч. — Паверце, зараз няма ніякіх праблем з гэтым спектаклем.

Але я як мастак ужо не хачу да яго вяртацца. Гэты спектакль зрабіў сваю справу.

Няхай нейкі малады рэжысёр прыйдзе і зробіць сваю версію “Тутэйшых”. Я не супраць. Але я не ўяўляю, што гэта будзе за спектакль без Віктара Манаева. Мне здаецца, што ў тэатры няма другога такога артыста, які мог бы гэта сыграць. Я зараз “Пінскую шляхту” буду рабіць у Варшаве. І мне галоўны рэжысёр тэатра гаварыў: маўляў, я табе знайду артыста лепей за Манаева. Пашукаў год і не знайшоў. І сказаў: хачу Манаева. І мы цяпер паедзем у Варшаву са сваім спектаклем…”

***

Спектакль “Тутэйшыя” па аднайменным творы Янкі Купалы ў 1990 годзе паставіў вядомы рэжысёр Мікалай Пінігін. У 1992 годзе “Тутэйшыя” атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі.

У спектаклі былі заняты найлепшыя акцёры Купалаўскага тэатра — Віктар Манаеў, Зоя Белахвосцік, Марыя Захарэвіч, Генадзь Аўсяннікаў, Аляксандр Падабед і іншыя.

У фінале “Тутэйшых” лунаў бел‑чырвона‑белы сцяг. Некаторыя гледачы падчас гэтай сцэны выкрыквалі “Жыве Беларусь!”. З гэтай нагоды каля дзесяці гадоў таму кіраўнікі ад культуры спрабавалі ўсімі праўдамі і няпраўдамі зняць “палітычны” спектакль з рэпертуару. На паўтара года спектакль быў фактычна забаронены. Прыблізна ў 2002 годзе Мікалай Пінігін аднавіў “Тутэйшых”. А потым спектакль ізноў знік з рэпертуару…

"Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение