У Віцебску развіталіся з журналістам Сяргеем Буткевічам

У Віцебску 30 мая праводзілі ў апошні шлях вядомага журналіста Сяргея Буткевіча, які памёр у ноч на 29 мая на 69-м годзе жыцця.

Сяргей Буткевіч пачаў прафесійную дзейнасць амаль 40 гадоў таму ў абласной газеце "Витебский рабочий", затым працаваў у рэдакцыі інфармацыі Віцебскай абласной студыі тэлебачання, уласным карэспандэнтам БелТА, "Народнай газеты", пазней — у недзяржаўных СМІ: газетах "Витебский курьер" і "Курьер из Витебска", "Народная воля". З апошнім выданнем журналіст супрацоўнічаў да апошніх дзён свайго жыцця, нягледзячы на тое, што пасля трох інсультаў стаў інвалідам II групы. Ён не выходзіў з дому, таму ўсе інтэрв'ю браў па тэлефоне, а набіраць тэксты яму дапамагала жонка. Хвароба не перашкаджала Сяргею Буткевічу знаходзіць цікавыя, актуальныя тэмы для журналісцкіх публікацый Развітацца з віцебскім журналістам прыехаў галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч. Каля пад'езда дома, дзе жыў Буткевіч, сабраліся не толькі яго калегі, але і прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі: паэты Давід Сімановіч і Уладзімір Папковіч, старшыня абласной арганізацыі "Таварыства беларускай мовы" Іосіф Навумчык, палітык Павел Севярынец са сваім бацькам, журналістам Канстанцінам Севярынцам, віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда і многія іншыя. Было шмат жалобных вянкоў і жывых кветак, а Барыс Хамайда ў знак памяці пра палітычныя погляды нябожчыка разгарнуў каля яго труны бел-чырвона-белы сцяг. Сяргей Буткевіч пахаваны на віцебскіх могілках "Мазурына".

Таццяна Чабатарова, "БелаПАН"