"ЛіМ" часткова перайшоў на расійскую

"Газета творчай інтэлігенцыі Беларусі", тыднёвік "Літаратура і Мастацтва" пачаў друкаваць асобныя матэрыялы на расійскай мове. Гэтак, у першым нумары дадатку "Кніжны свет", які "ЛіМ" друкуе сумесна з Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі, з 12 матэрыялаў 7 — па-расійску.

Дадатак "Кніжны свет" мае знаёміць чытачоў з навінамі айчыннага друку і кнігагандлю.

"Літаратура і Мастацтва" — дзяржаўная газета, якая асвятляе культурнае жыццё краіны. У газеце ўпершыню былі апублікаваныя шмат якія творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Мележа і Васіля Быкава. "ЛіМ" упершыню надрукаваў сенсацыйныя для свайго часу матэрыялы пра рэпрэсіі 30-х, вярнуў з нябыту імёны Алеся Гаруна, Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва. Заснаваны яшчэ ў 1932, "ЛіМ" нават у самыя неспрыяльныя для роднага слова часіны выходзіў выключна па-беларуску.

"Наша Ніва"