Першая ў Беларусі перакладчыцкая прэмія

28 траўня ў Мінску адбудзецца святкаванне першай гадавіны з’яўлення інтэрнет-часопіса перакладной літаратуры „Прайдзісвет”. На прымеркаванай да свята імпрэзе будуць уручацца  першыя перакладчыцкія прэміі, заснаваныя сёлета Беларускім ПЭН-цэнтрам і рэдакцыяй часопіса.

– Я думаю, што заснаванне такой прэміі можа быць цікава як перакладчыкам так і чытачам, – сказала сябра рэдакцыі часопіса Юлія Цімафеева, – з аднаго боку гэта заахвочванне, з другога боку – выяўленне найлепшых прадстаўнікоў беларускай перакладчыцкай эліты, падтрыманне іх. Наша прэмія ганаровая, яна пад сабою не мае ніякага грашовага эквіваленту, але прызнанне калегаў таксама важна для перакладчыкаў, як і для прадстаўнікоў іншых сфераў культуры і любой іншай дзейнасці.

Прэмія будзе ўручацца па трох намінацыях – „проза”, „паэзія” і „публікацыі ў часопісе «ПрайдзіСвет»”.

У мерапрыемстве возьмуць удзел з выступамі суддзі прэміі, сярод якіх Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч, Зміцер Колас, Аляксандр Фядута, Марыя Мартысевіч і іншыя. Музычная частка імпрэзы будзе прадстаўлена акустычным выступам гурта „Босае Сонца”.

Імпрэза адбудзецца 28 траўня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску а 19.00.