Арцём Дубскі: Зона — гэта вялізная школа

Сёння раніцай з магілёўскай калоніі быў вызвалены актывіст "Маладога фронту" Арцём Дубскі. Ён адбываў гадавое пакаранне за ўхіленне ад адбыцця "хатняй хіміі". Яшчэ ў красавіку 2008 года за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў Арцём быў асуджаны на два гады абмежавання волі.

"Наша Ніва": Наколькі цяжка табе даўся гэты турэмны тэрмін?

Арцём Дубскі: Зона — гэта вялізная школа. Усе 10 месяцаў, што на ёй знаходзіўся, я спрабаваў нечаму вучыцца. Нешта падкрэсліваць для сябе. Спрабаваў заводзіць новыя кантакты. Цяпер я яшчэ не разумею, дзе я, што са мной. Турма змяніла маё бачанне на свет. Праўда, пакуль яшчэ не разабраўся ў лепшы, ці горшы бок.

"НН": А як здароўе?

АД: Здароўе ў турме падарваў. Гэтым пытаннем збіраюся заняцца бліжэйшым часам. Праблемы найбольш са страўнікам. З зубамі таксама, бо ў турме няякасная вада. Са зрокам бяда. Калі садзіўся, то зрок быў -0,9, то цяпер ужо -2. Калі б там былі яшчэ якія-небудзь лекі. Медсястра, калі бярэ кроў з вены, то можа прамахнуцца пяць разоў. Усё гэта таму, што адсутнічае кантроль. Няма на каго паскардзіцца.

"НН": А адміністрацыя калоніі як да цябе ставілася?

АД: Адміністрацыя спачатку спрабавала са мной дамовіцца, потым запалохаць. Апошнім часам імкнуліся проста мяне кантраляваць. Хаця з тымі ж міліцыянтамі за грошы можна было лёгка дамовіцца, ка яны прынеслі мабільнік для званка дадому.

"НН": Турма табе нешта дала?

АД: Вопыт камунікавання з людзьмі, коратка і па сутнасці. У турме я набыў карысныя сувязі. І гэта не звычайныя крымінальнікі, а людзі, якія могуць і ўмеюць зарабляць грошы, дырэктары дзяржпрадпрыемстваў. Яны таксама па вызваленні гатовыя нам дапамагаць.

"НН": Што будзеш рабіць цяпер?

АД: Спачатку трэба добра адпачнуць. Агледзіцца. Не факт, што я буду працаваць з усімі тымі людзьмі, што працаваў да гэтага. Турма змяніла маё бачанне на некаторыя пытанні.

Зміцер Панкавец, "Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение