Пагадненне аб малым памежным руху паміж Беларуссю і Польшчай набудзе моц у пачатку 2011 года

Пагадненне аб малым памежным руху паміж Беларуссю і Польшчай набудзе моц у пачатку 2011 года. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ян Баркоўскі, паведамляюць польскія СМІ.

Дакумент быў падпісаны ў Варшаве ў лютым 2010 года. Плануецца, што сейм Польшчы прагаласуе па ім у пачатку чэрвеня, пасля чаго пагадненне павінен ухваліць сенат і прэзідэнт краіны. Чакаецца, што парламент Беларусі разгледзіць пытанне ратыфікацыі дакумента на асенняй сесіі. Пагадненне набудзе моц праз 30 дзён пасля завяршэння працэдуры ратыфікацыі. Баркоўскі пазначыў, што пагадненне аб малым памежным руху для польскіх улад — адзін з інструментаў дыялогу.   У адпаведнасці з пагадненнем для жыхароў памежных тэрыторый Беларусі і Польшчы ўводзіцца спрошчаны парадак перасячэння мяжы. Да памежных тэрыторый адносяцца прылеглыя да беларуска-польскай мяжы адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі дзвюх краін, якія ўваходзяць у зону да 50 км ад лініі дзяржмяжы. Выкарыстаць новыя правілы змогуць грамадзяне, якія увесь час пражываюць на памежных тэрыторыях не менш за тры гады. Яны змогуць знаходзіцца на памежных тэрыторыях суседняй краіны да 90 дзён на працягу паўгода. Аналагічнае міжурадавае пагадненне Мінск некалькі гадоў абмяркоўвае з Латвіяй і Літвой. Чакаецца, што найбліжэйшым часам Еўракамісія перадасць у Савет ЕС рэкамендацыі аб пагадненні з Беларуссю пра аблягчэнне візавага рэжыму.

Марына Рахлей, "БелаПАН"