Паўстанка, эмансіпантка, навуковец

У мужыку‑беларусу бачыла чалавека і як чалавека шанавала яго». Такой характарыстыкай адгукнулася сто гадоў таму, 18 мая 1910 года, на смерць Элізы Ажэшкі "Наша Ніва". Пісьменніца, народжаная ў падгарадзенскай вёсцы Мількаўшчына, стала класікам польскай літаратуры.
Яе "Над Нёманам", "Хам" і "Нізіны" напісаныя на тагачасным беларускім матэрыяле. Але ці з’яўляюцца яны набыткам беларускай літаратуры?
Фота з Вікіпедыі

"У шэрагу твораў Ажэшкі гучыць дыялектная беларуская мова, яна цікавілася этнаграфіяй і фальклорам… Добра вядомае прыхільнае стаўленне Элізы Ажэшкі да Францішка Багушэвіча, — кажа Лявон Баршчэўскі. — Разам з тым, яе зацікаўленасць беларускім вынікала з зацікаўленасці вясковым, супрацьпастаўленню яго "сапсаванай" гарадской цывілізацыі".

"Беларусьфільм" актыўна шукае гістарычныя постаці і класічныя творы, прыдатныя для экранізацыі. Анансаваныя "Каласы пад сярпом тваім", чатырохсерыйны тэлефільм пра Янку Купалу. Чаму б не звярнуцца да твораў Ажэшкі? Матэрыял беларускі, эпічныя сюжэты цягнуць на захапляльныя стужкі з галівудскім размахам. Дый сама яе біяграфія, на думку паэта Міхала Анемпадыстава, вартая экранізацыі.

Эпізод 1. Паўстанка. Гісторыкі пагаджаюцца, што ў 1863—1864 гадах Ажэшка дапамагала каліноўцам, чым магла. У прыватнасці, займалася забеспячэннем партызанскага атрада Рамуальда Траўгута, які дзейнічаў на Кобрыншчыне.

Пасля разгрому атрада ў Горацкіх лясах Эліза выратавала цяжка параненага Траўгута: у сваёй карэце адвезла яго да межаў Каралеўства Польскага. Пасля паўстання яе мужа Пётру саслалі ў Сібір, а маёнтак сканфіскавалі. Вымушаная праз усё жыццё маўчаць, пра свой асабісты ўдзел у паўстанні Эліза прызналася блізкаму сябру толькі на схіле жыцця.

Эпізод 2. Эмансіпантка. Агульнаеўрапейскую вядомасць атрымаў раман Ажэшкі "Марта" (1873) — асэнсаваны пратэст супраць нявольніцкага стану жанчыны ў тагачасным свеце. Выснова — "фартэпіяннае" выхаванне паненак не рыхтуе іх да самастойнага жыцця. Да таго ж, у вачах гарадзенскай шляхты пісьменніца была зненавіднай "эмансіпанткай", бо жыла па‑за шлюбам з адвакатам Нагорскім, носячы прозвішча пакінутага мужа.

Эпізод 3. Навуковец. Эліза Ажэшка шмат падарожнічала па Беларусі, сабрала 228 назваў раслін. Усім беларускім назвам пры дапамозе знаёмага батаніка яна дала лацінскія адпаведнікі. Дарэчы, шмат назваў раслін, пададзеных Ажэшкай, не фіксуюць іншыя беларускія слоўнікі.

Вось такая польская пісьменніца.

Ліза Кавальчык, "Наша Ніва"