У Беларусі вынесены першы ў 2010 годзе смяротны прысуд

14 мая Гродзенскі абласны суд аб'явіў прысуд па справе аб забойстве трох чалавек 14 кастрычніка 2009 года. Вінаватымі ва ўчыненні гэтых і іншых злачынстваў прызнаныя два жыхары Гродна. Яны прыгавораныя да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу.

Пра гэта паведаміў старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці Вячаслаў Ігнацік.

Нагадаем, злачынства было ўчынена ноччу 14 кастрычніка 2009 года ў кватэры 2-га корпуса дома № 8 па вуліцы Кабяка. Менавіта там пажарныя, якія прыбылі ліквідаваць узгаранне, знайшлі трупы 65-гадовага гаспадара, яго 34-гадовай нявесткі і яе 52-гадовай знаёмай. Знік сын маладой жанчыны — пяцікласнік.

Следства ўстанавіла, што 28-гадовы і 29-гадовы раней судзімыя гродзенцы з'явіліся ў кватэры позна вечарам 13 кастрычніка пад падставай сумеснага распівання спіртных напояў, якія збіраліся завалодаць маёмасцю гаспадароў. Каля 2 гадзін 14 кастрычніка па нязначнай прычыне яны пачалі з гаспадарамі сварку, падчас якой кухонным нажом быў забіты пенсіянер.

Затым злачынцы забілі і жанчын, школьніку прыгразілі забойствам у выпадку, калі ён каму-небудзь раскажа пра ўбачанае. Пасля гэтага яны падпалілі кватэру і пайшлі, забралі з сабой камп'ютэр, іншыя рэчы і дзіця.

Спрабуючы з'ехаць далей ад Гродна, злачынцы спынілі таксі і прапанавалі вадзіцелю адвезці іх у Мінск ці Маскву, разлічыцца з ім вырашылі ўкрадзеным камп'ютэрам.

Атрымаўшы адмову, прыстрашылі забіць і нават паспрабавалі парнуць яго нажом, аднак лёгкапараненаму таксісту ўдалося ўцячы.

Затым злачынцы паспрабавалі ўкрасці «Аўдзі-80» на неахоўнай стаянцы на вуліцы Пестрака, але зрабіць гэта не атрымалася. З салона яны выкралі вадзіцельскае пасведчанне ўладальніка, тэхпашпарт на аўтамабіль і іншыя дакументы.

Пасля гэтага маладыя людзі з дзіцем накіраваліся ў кватэру аднаго з іх, каб абмеркаваць далейшыя планы, дзе іх і затрымала міліцыя.

Суд прызнаў абодвух вінаватымі ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных пп. 1, 6, 12, 15 ч. 2 арт. 139 (забойства дзвюх і больш асоб з асаблівай жорсткасцю, спалучанае з разбойным нападам, учыненае групай асоб), ч. 3 арт. 207 (разбой з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў), ч. 2 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне маёмасці шляхам падпалу), пп. 1, 6 ч. 2 арт. 182 (выкраданне малалетняга групай асоб), ч. 2 арт. 207 (разбойны напад), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 205 (замах на крадзеж аўтамашыны), арт. 378 (крадзеж дакументаў) Крымінальнага кодэкса.

Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе на працягу 10 сутак.

Вячаслаў Будкевіч, "БелаПАН"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение