У Вярхоўным судзе абвесьцяць прысуд у “тэрарыстычнай справе”

6 траўня – апошні дзень працэсу па так званай “тэрарыстычнай справе”. Пасьля абеду ў Вярхоўным судзе будзе абвешчаны прысуд Мікалаю Аўтуховічу, Уладзімеру Асіпенку, Міхаілу Казлову і Аляксандру Ларыну, якіх вінавацяць у рыхтаваньні тэракту ды іншых злачынствах.
Працэс ў Вярхоўным судзе доўжыўся болей за месяц. Насуперак папярэднім прагнозам, працэс па гэтак званай “тэрарыстычнай справе” ня быў закрыты: шматлікія назіральнікі сачылі за хадой працэсу і цяпер могуць выказаць пэўнае меркаваньне пра магчымы прысуд.Шмат дзён на працэсе прысутнічаў праваабаронца Алег Воўчак. Раней Алег Воўчак ужо выказваўся адносна доказаў супроць абвінавачаных, якія падало сьледзтва: што доказы супярэчлівыя, частку зь іх зьняпраўджваюць сьведкі, некаторыя доказы здабытыя з парушэньнем закону, некаторыя відавочна сфальшаваныя. Якім жа будзе прысуд, на думку Алега Воўчака? “Мяркую, усё застанецца, як прасіў пракурор. Магчыма, толькі некалькі гадоў здымуць, але збольшага тэрміны застануцца вялікія. Для бачнасьці выключаць з прысуду адзін-два эпізоды, прыкладам, пра патроны, але ня думаю, што іх вызваляць. Справа сфальшаваная, і апраўдаць іх – значыць для улады прызнаць, што яна да гэтага мае дачыненьне”.Пракурор Эльдар Сафараў папрасіў у суду для Мікалая Аўтуховіча 20 гадоў зьняволеньня, для Ўладзімера Асіпенкі і Аляксандра Ларына па 11 гадоў. Іх вінавацяць у рыхтаваньні тэракту, незаконных дзеяньнях са зброяй, удзеле ў падпале. Для былога міліцыянта Міхаіла Казлова пракурор папрасіў 3 гады пазбаўленьня волі за непрадухіленьне злачынства. Аўтуховіч, Асіпенка і Казлоў вінаватымі сябе не прызнаюць і кажуць пра помсту з боку уладаў за іх антыкарупцыйную дзейнасьць. Аляксандар Ларын прызнае сваю віну, і збольшага на ягоных паказаньнях заснавана абвінавачаньне Аўтуховіча і Асіпенкі ў рыхтаваньні тэракту.Як пачуваюцца падсудныя цяпер? Паводле адваката Паўла Сапелкі, Мікалая Аўтуховіча ў камэры найбольш непакоіць праблема са здароўем – у вязьня хворыя зубы, яму патрэбна тэрміновае пратэзаваньне, але ў сьледчым ізалятары так лекаваць ня могуць. “На іншае Аўтуховіч ня скардзіцца”, – паведаміў адвакат.У якім маральным стане цяпер знаходзіцца Мікалай Аўтуховіч? Пра гэта ёсьць сьведчаньні ў грамадзкай актывісткі Тацяны Кім. Жанчына толькі на працэсе ўпершыню ўбачыла Мікалая Аўтуховіча, была зьдзіўленая тым, наколькі ён выглядаў схуднелым і стомленым, вырашыла падтрымаць і напісала вязьню ў турму ліст. Пачалося ліставаньне.На просьбу “Свабоды” Тацяна Кім прачытала вытрымку з апошняга ліста Аўтуховіча, які яна атрымала 4 траўня:“Думаю, што нашы пакуты пойдуць на карысьць для дасягненьня праўды і справядлівасьці. Калі б ня мы, былі б іншыя, але на гэты раз ім спатрэбіліся мы. Таму гэты крыж мы пранясем з гонарам, не ўпадзем у гразь тварам. Дзякуй усім, хто прыходзіць нас падтрымліваць. Ня ўсе людзі ў нас разумеюць, што гэта агульная бяда. Таму няма ў людзей сілы і веры ў тое, што магчыма абараніць свае правы. Але гэтак не ўва ўсіх, што радуе. Спадзяюся, людзі нарэшце зразумеюць, хто гаспадар у сваёй краіне. З павагаю, Мікалай Аўтуховіч”. Сёньня ў суд шмат хто з праваабаронцаў і актывістаў прыйдзе з кветкамі, каб прадэманстраваць, што яны чакаюць сапраўднага вызваленьня Мікалая Аўтуховіча ды іншых абвінавачаных у справе.
Алег Грузьдзіловіч, "Радыё Свабода"